Карона “Міс Беларусь-2010” дасталася Людміле Якімовіч з Гродна. Тытула “Першая віцэ-міс” удастоена Ганна Кіндрук з Пінска. “Другой віцэ-міс” стала Анастасія Харланава з Гомеля.

Наталля Пятроўская трапіла ў паўфінал – у лік 15 лепшых. Але ў “пяцёрку” фіналістак не выйшла. “Ці расстроілася? Не, я з усмешкай пакінула сцэну. Пасля ўжо стала крыўдна, але не за вынік – з кожным днём я ўсё больш разумею, што перамога дасталася дзяўчыне, якая гэтага заслугоўвае. Крыўдна было толькі за тое, што ўсё закончылася і больш такога ў маім жыцці хутчэй за ўсё не будзе, – патлумачыла яна ў інтэрв’ю “РГ”. – Тата сказаў: “Усё роўна ты найлепшая”. І мама падтрымала: “Нават не думай расстройвацца. Перамога – не галоўнае. Гэта быў новы вопыт, прыступка ў жыцці”.

Цяпер Наташа Пятроўская, паводле яе слоў, прыходзіць у сябе. На адзін дзень ездзіла дадому. Бацькоў і сястру вельмі ўразіла, як яна пахудзела.

Даведка “РГ”. Наталля Пятроўская – рост 177 см, 89-63-91. Нарадзілася і вырасла ў Маладзечне. Студэнтка БДУ.

Ад 1 сакавіка ўсе дзяўчаты, якія прайшлі адбор, жылі ў адной з гасцініц Мінска. Пакідаць яе, не папярэдзіўшы арганізатараў конкурсу, было забаронена. Штодня рыхтаваліся да фінальнага шоу – харэаграфія, дэфіле, плаванне, трэнажорная зала. “Гэтыя два месяцы я жыла па дакладна распісаным графіку. Цяпер цяжка вярнуцца да звычайнага жыцця”, – падзялілася ўражаннямі Наталля Пятроўская.

Падчас падрыхтоўкі да конкурсу дзяўчына не забывала і пра вучобу, выконвала пісьмовыя работы і электроннай поштай адпраўляла іх выкладчыкам універсітэта. За тыдзень да фінальнага шоу, калі ўсе рэпеціравалі, яна на “сямёрку” здала дзяржаўныя экзамены. Напрыканцы адзін з членаў камісіі, пачуўшы яе прозвішча, сказаў: “А я думаю, ну чаму мне такі знаёмы Ваш твар!” – і паабяцаў хварэць за яе.

Увогуле Наташу сталі пазнаваць на вуліцы, у грамадскім транспарце. “Шмат з’явілася новых знаёмых, сяброў з розных куткоў Беларусі. Асабліва ў Інтэрнэце: пішуць настолькі прыемныя словы, што я нават не чакала такой падтрымкі”, – расказала яна.

Конкурс праходзіць раз у два гады. Узрост дазваляе маладзечанскай прыгажуні ўдзельнічаць і ў наступным. Яна пакуль не ведае, ці пойдзе зноў на кастынг. “Магчыма, паўдзельнічаю. Але наступны раз – толькі перамога!”, – Наташа настроена аптымістычна.

Святлана ЦІШКО.

Фота забяспечана Наталляй ПЯТРОЎСКАЙ.

Чытайце таксама:

“Як і кожная, я хачу перамагчы”

Маладзечанка рыхтуецца да фіналу “Міс Беларусь” (+відэа)