Упершыню ў міжнародным турніры па гарадошным спорце памяці ахвяраў аварыі на ЧАЭС удзельнічалі жанчыны.

Спаборніцтвы адбыліся 28 красавіка – 3 мая ў Маладзечне. За перамогу змагаліся 20 спартсменак з Беларусі і Расіі. Па-за канкурэнцыяй была расіянка Ніна Міціна – 163 біты на 90 фігур. Маладзечанка Аляксандра Мельнікава з вынікам 177 біт заняла трэцяе месца.

У асабістым першынстве сярод мужчын перамога дасталася таксама прадстаўніку Расіі – Аляксею Елісееву з Масквы (120 біт). Летась ён быў сярэбраным прызёрам. Другое месца сёлета заваяваў шасціразовы пераможца турніру Васіль Духанін з Краснадарскага краю (Расія) – 123 біты. Генадзь Сушко з Маладзечна быў трэцім з вынікам 125 біт на 90 фігур.

Генадзь Сушко са сваім першым трэнерам Аляксандрам Сучко.

Першыя два дні лідзіраваў малады маладзечанскі спартсмен Павел Філістовіч. Але на трэці дзень нешта не заладзілася, на дзве фігуры – “Ракетка” і “Серп” – ён затраціў сем біт і заняў у выніку шостае месца.

Павел Філістовіч.

У гарадошным спорце вынік залежыць не столькі ад фізічнай сілы, колькі ад тэхнікі выканання. Тым не менш вынікі мужчын і жанчын значна адрозніваюцца. Галоўны суддзя турніру Аляксандр Кулак тлумачыць гэта так: “У гарадках важная псіхалагічная ўстойлівасць спартсмена. Ёсць спартсмены-рабацягі, трэнірованыя і падрыхтаваныя, але падчас спаборніцтваў іх нервовая сістэма не вытрымлівае і вынік атрымоўваецца сярэдні. Важна таксама пераадолець псіхалагічны бар’ер лічбаў – выйсці са 160 біт, затым са 150, 140 і г.д. Жанчыны не так даўно сталі гуляць у гарадкі, ім трэба час, каб паказваць высокія вынікі”.

Жаночая каманда Мінскай вобласці, гонар якой абаранялі Вольга Кайданік, Аляксандра Мельнікава і Таццяна Яршэвіч з Маладзечна, перамагла ў камандных спаборніцтвах. Мужчынская (маладзечанцы Генадзь Сушко, Дзмітры Душкевіч, Дзмітры Шайко, Ігар Бладыка) таксама перамагла. Прычым вельмі ўпэўнена: у фінальнай сустрэчы з “Масквой-2” яны прайгралі толькі першую партыю, астатнія тры выйгралі.

Вольга Кайданік.

Пераможцы ўзнагароджаныя медалямі, кубкамі і памятнымі падарункамі.

Сёлета ў турніры ўдзельнічалі прадстаўнікі 12 каманд: з Беларусі, Расіі, Малдовы і Татарстана. Па словах галоўнага суддзі спаборніцтваў Аляксандра Кулака, бывала і па 16. Сёлета з-за фінансавых праблем не прыехала каманда Украіны. Быў толькі Анатоль Цялятнікаў, даходы якога дазваляюць яму самастойна вырашаць, на якія спаборніцтвы ён паедзе, на якія – не.

Святлана ЦІШКО.