Старшы пажарны часці №2, што ў Радашкавічах, Павел Лугінін вечарам 4 мая ў Красным выцягнуў з палаючага дома 45-гадовага гаспадара.

Пры гэтым Лугінін быў не на рабоце. Ён вяртаўся дамоў, калі ўбачыў задымленне ў верандзе дома і пачуў трэск, расказала “РГ” інспектар прапаганды гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Марына Ермакова. Павел выклікаў сваіх калег, а сам увайшоў у дом. Мужчына ляжаў на падлозе ў прыхожай, поўнай дыму. Выратавальнік выцягнуў яго на вуліцу. Папярэдняя прычына пажару – нецвярозае курэнне гаспадара.

Сяргей ЗЯНЬКО.