“Мой тата мяне вельмі любіў, – расказвае свякроў. – Як адыходзіў на вайну, высока-высока падняў над галавой і наказаў маме, каб берагла”.
Гэты момант са свайго жыцця яна расказвае мне мо, разы чатыры на год. І заўсёды заканчвае словамі: “Ці ж мы б так цяжка жылі, каб бацька жывым вярнуўся”.

А ўспомніць ёй ёсць што. Здаецца, 12 гадоў было, як пайшла працаваць у калгас, зарабляць працадні. Праз некалькі гадоў стала даяркай і нараўне з дарослымі цёткамі даіла кароў, цягала 40-літровыя бітоны з малаком. Каб маці лягчэй было, каб дом было за што пабудаваць, сукенку справіць. “А вы бацьку свайго памятаеце?” – неяк спытала ў яе. Яна крыху задумалася, а пасля адказала: “Толькі па фотаздымках. Малая была, як на фронт пайшоў, чатыры гады толькі. Ён быў вельмі прыгожы, рукі меў залатыя. За што ні возьмецца, любая работа гарэла ў руках”.

Ненамнога больш было і старэйшаму сыну Агаты, калі яе Мішку забралі на вайну. Пакуль ішлі да ваенкамата, не плакала. Баялася дзяцей напужаць. Толіку яе за два дні да вайны споўнілася пяць. Валі было два гадкі, а трэцяе дзіця яшчэ насіла пад сэрцам. Так яе Мішка і не даведаўся, што трэцім у яго нарадзіўся сынок, хлопчык, якога Агата назвала ў яе гонар – Міхаілам.

Прыслаў муж па першым часе некалькі пісем з фронту і, як у ваду кануў. У канцы вайны прыйшло паведамленне, што прапаў без вестак. Сям’і прызначылі пен­сію, стала жыць крышку лягчэй. Матэрыяльна. А сэрца самой Агаткі ныла, плакала ўсё жыццё. Бывала, убачыць салдаціка на вуліцы, абавязкова пойдзе яму насустрач. Параўняецца, спытае, чый ён. Змахне з вачэй слязу.

Кожны год 9 мая прыходзіла яна да помніка землякам, што загінулі ў гады вайны. Зрэзаўшы ў сваім агародчыку ўсе цюльпаны, несла іх мужу, які невядома дзе склаў галаву, стрыечнаму брату, суседу Валодзьку, які таксама не вярнуўся з фронту і быў пахаваны дзесьці на тэрыторыі Польшчы.

Жанчына яна была прыгожая, працавітая, па-сялянску мудрая. А якая пявуння, танцорка. Не аднаму мужчыну сніліся яе вялікія сінія вочы, не адзін гатовы быў узяць у жонкі! Не пайшла! Сказала, што да апошніх дзён будзе мужу верная. Ад гэтага яшчэ больш паважалі яе людзі. Хаця па вясковай звычцы не прамінулі даць мянушку. Так і была яна ў вёсцы да самай смерці Верная. І ўжо мала хто нават прозвішча яе памятаў. А малады брыгадзір, што дзяліў у калгасе буракі, так на калочку і напісаў: Агата Верная.

Колькі іх, такіх вось верных сваім мужам жанчын, засталося пасля Вялікай Айчыннай! Колькі ім прыйшлося выцерпець, пакуль пражылі страшныя гады акупацыі, як пасля давялося працаваць, каб падняць разбураную гаспадарку, выбрацца з зямлянак, даць адукацыю дзецям, дапамагчы ім вызначыцца ў жыцці! Часам думаю: што іх трымала, не давала здавацца? Сягоння чамусьці вырашыла, што менавіта вернасць. Сваёй зямлі, сваім сем’ям і сваім дзецям.

Фота з сайта rian.ru

Марына Сліж.