Дыверсанты на сваёй зямлі, яны не насілі з сабой дакументаў. На вопратцы не было ні адметных знакаў, ні ўзнагарод. Пра іх нічога не ведалі сваякі, бо пісаць дамоў было забаронена.

Салдат асобага беларускага збору Міхаіл Карасёў, кавалер двух ордэнаў Айчыннай вайны і ордэна Чырвонай Зоркі, ад 1955 года жыве ў Вілейцы.
Фота Сяргея ЗЯНЬКО.

Мясцовыя жыхары ў Баранавіцкай во­бла­сці называлі іх “масквічамі”. Іх, беларусаў, закінутых з цэнтра, з-за лініі фронту, у тыл фашыстаў для дыверсійнай дзейнасці на чыгунцы. Адзін з “масквічоў” жыве цяпер у Вілейцы. Міхаілу Карасёву ў 1942-м было 20 гадоў…

“Ці было вам страшна?” – пытаюся ў Міхаіла Лявонцьевіча. “Кожны чалавек хоча жыць, – адказвае ветэран. – Таму, канешне, было страшна. І нам, і немцам. Але чалавек прывыкае да ўсяго. І мы прывыкалі. Проста не было іншага выйсця. Каб выжыць…”

Асобы беларускі збор – спецыяльна навучаны манеўраны атрад, байцам якога было забаронена ўвязвацца ў дробныя сутычкі з немцамі і паліцаямі. Перад імі стаяла больш сур’ёзная задача – пускаць пад адхон фашысцкія цягнікі, якія ішлі на фронт.

“Вайна для мяне пачалася 20 ліпеня 1941 года, калі нас, 20-гадовых хлопцаў, прызывалі ў Чырвоную Армію, – успамінае ветэран. – У армію я пайшоў з роднай вёскі Старое Закружжа Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці”.

Па дарозе на вайну 20-гадовы Міхаіл прайшоў размеркавальныя і падрыхтоўчыя пункты ў Расіі і Казахстане, пасля трапіў у спецшколу па падрыхтоўцы дыверсантаў у Горкаўскай вобласці.

Нарэшце, 10 лістапада 1942 года, дыверсійную групу Міхаіла, у якой былі толькі беларусы, праз лінію фронту салдаты рэгулярнай Чырвонай Арміі перавялі ў тыл фашыстаў у Баранавіцкую вобласць. Падчас доўгага пераходу за плячыма кожнага з дыверсантаў было па 30-40 кілаграмаў узрыўчаткі.

Зонай дзейнасці групы сталі лясы Ліпічанскай пушчы – Дзятлаўскі, Карэліцкі, Навагрудскі і Гарадзішчанскі раёны.

У лесе была абсталяваная база, куды група вярталася толькі памыцца і адпачыць. Падчас рэйдаў па падрыве варожых цягнікоў начавалі ў вёсках і на хутарах у абдымку з вінтоўкамі ды аўтаматамі.

У Ліпічанскай пушчы група дзейнічала да сярэдзіны 1943 года. Потым быў загад Штаба партызанскага руху перамясціцца ў Налібоцкую пушчу – у раён Івянца, дзе байцы і дзейнічалі да вызвалення Заходняй Беларусі – да 10 лістапада 1944 года.

Страты ворага ад кожнай акцыі асобага беларускага збору складалі ад 100 да 300 фашыстаў забітымі і параненымі. Страты ў ваеннай тэхніцы цяжка падлічыць.

Прадстаўлены падчас вайны да ордэнаў Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны першай і другой ступеняў, Міхаіл Карасёў атрымаў іх толькі пасля вызвалення Заходняй Беларусі. У 1944 годзе яго пакінулі працаваць у Карэліцкім раёне. У 1955 годзе ён трапіў у Вілейку.

Тут і жыве дагэтуль са сваёй жонкай Таццянай Васільеўнай, якая ў вайну працавала ў тыле і таксама мае ўзнагароды. Двое іх дзяцей, двое ўнукаў і двое праўнукаў цяпер – мінчане.

Сяргей ЗЯНЬКО.