Сярэдзіна мая – час апрасоўкі труб. Жыхары гарадоў нашага рэгіёна часова застаюцца без гарачай вады. Толькі ў Астраўцы народ не ведае, што такое апрасоўка.

Як паведамілі “РГ” у жыллёва-камунальнай гаспадарцы Астраўца, гарачую ваду ў іх не адключаюць сістэматычна штогод, а толькі на непрацяглы час ў выпадку нейкіх непаладак на кацельнях. Але такое здараецца паўсюль.

У Ашмянах апрасоўка праводзіцца раз на год, у маі-чэрвені на два тыдні па чарзе ў розных мікрараёнах. Сёлета пачалі з квартала Будаўнікоў. Гарачай вады тут не будзе ад 11 да 25 мая. Таксама не адключаюць цалкам усю Смаргонь. Толькі па мікрараёнах і ўсяго на чатыры дні. Першае адключэнне адбылося 11 мая.

У Валожыне гарачай вады ў кватэрах няма ўвогуле. Каб падаграваць яе, людзі карыстаюцца газавымі калонкамі. У Мядзеле апрасоўку робяць. На 7 мая з датай яе правядзення пакуль не вызначыліся.

Маладзечна – Вілейка. Два гарады ў рэгіёне, дзе апрасоўку праводзяць два разы на год – у маі і жніўні. Сёлета вясной уся Вілейка будзе адключаная ад гарачага водазабеспячэння ад 12 да 26 мая.

Маладзечна для апрасоўкі падзеленае на дзве часткі. Ад 11 да 23 мая без гарачай вады застанецца частка горада, якая знаходзіцца ад вуліцы Віленскай ў бок Смаргоні. На два тыдні ад 23 мая адключаць гарачую ваду ў другой частцы – ад Віленскай у бок Мінска.

“Апрасоўку належыць праводзіць пасля заканчэння ацяпляльнага сезона, каб выявіць слабыя месцы і паспець за лета іх ліквідаваць. Паводле новых патрабаванняў мы можам рабіць яе адзін ці два разы ў год. Самая важная – тая, што праводзім цяпер, у маі–чэрвені. Ці будзем рабіць апрасоўку ў канцы лета, паглядзім. Але ж вы разумееце: чым больш адказна правядзём выпрабаванні сетак, тым спакайней будзем адчуваць сябе зімой”, – патлумачыў у інтэрв’ю “РГ” Леанід Кузняцоў, намеснік дырэктара Маладзечанскіх электрасетак па цеплаэнергіі.

Сяргей ЗЯНЬКО, Святлана ЦІШКО.