Чатырнаццаць здохлых бычкоў і цялушку схаваў ад справаздачы загадчык фермы сельгаскааператыва імя Кляцкова 39-гадовы Мар’ян Топаль. Дзевяць жывёлін ён аформіў як прададзеных сваім супрацоўнікам, шэсць проста не ўлічыў як народжаных.

Ферма знаходзіцца ў вёсцы Талмінова. Яе загадчык хаваў факты памораку скаціны ад лютага да верасня 2009 года. За службовы падлог суд прыгаварыў Мар’яна Топаля да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з арганізацыйнымі функцыямі, тэрмінам на два гады.

Паводле расследавання, якое правяла пракуратура Ашмянскага раёна, першых шэсць бычкоў Топаль па накладных “прадаваў” свайму супрацоўніку ў лютым, чэрвені і ліпені ў залік заработнай платы. Яшчэ два бычкі былі аформленыя на іншага работніка гаспадаркі ў красавіку.

У жніўні такім самым чынам была “прададзеная” цялушка. А ад чэрвеня па верасень Мар’ян Топаль не ўлічыў шэсць галоў народжанай жывёліны. Насамрэч уся гэтая скаціна проста здохла і была ўтылізаваная. Прыпіскамі загадчык фермы займаўся для таго, каб не псаваць статыстычную справаздачнасць і захаваць знешнюю бачнасць таго, што справы ў сельгаскааператыве ідуць добра.

На судзе цяпер ужо былы загадчык фермы цалкам прызнаў сваю віну ў службовым падлозе, здзейсненым з мэтай скажэння дадзеных дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці. Суд улічыў чыстасардэчнае раскаянне абвінавачанага. Гэта змякчыла віну.

Акрамя прызнання, віна пацвярджаецца таксама Актам дакументальнай рэвізіі скаціны на ферме ў вёсцы Талмінова ў сельгаскааператыве імя Кляцкова.

Абвінавачаны не стаў абскарджваць прыгавор, і ён уступіў у законную сілу.

Аляксандр ПУЦІЛОЎСКІ, следчы пракуратуры Ашмянскага раёна.

Сяргей ЗЯНЬКО.