ВІЛЕЙКА. Нажом у бок свайму пасынку ўдарыў 50-гадовы мужчына 8 мая ў кватэры трохкватэрнага дома на вуліцы Палявой.
У пацярпелага пранікальнае нажавое раненне з пашкоджаннем кішэчніка. Намеснік начальніка райаддзела міліцыі Андрэй Дударчык расказаў у інтэрв’ю “РГ”: са слоў падазронага, яны разам з пасынкам выпівалі. Падчас п’янкі пасварыліся. Малады чалавек стаў чапляцца да яго. Старэйшаму прыйшлося ўзяцца за нож. Жыццю пацярпелага нічога не пагражае.

“Падчас разбору здарэння нашы супрацоўнікі звярнуліся да суседзяў, папрасілі іх быць панятымі, – расказвае Андрэй Дударчык, – суседзі адмовіліся. Сказалі, што і парэзаны, і сужытнік яго маці – абодва вельмі добрыя людзі. І адбылася проста выпадковая недарэчнасць…”

Хацеў абакрасці дальнабойшчыка

ВАЛОЖЫН. Ноччу 7 мая каля вёскі Шараі невядомы зламыснік залез у фуру, грузавік МАЗ. Пашкодзіўшы тэнт кузава, ён пачаў выцягваць скрыні з аўтамабільным маслам.

Злодзей паспеў выцягнуць 19 скрыняў, пакуль вадзіцель, які спаў у кабіне, не пачуў. Кінуўшы сваю здабычу, зламыснік уцёк. Кіроўца фуры пазваніў у міліцыю, расказаў “РГ” начальнік штаба райаддзела ўнутраных спраў Сяргей Латышаў.

Збіў слуп на “Масквічы”

МАЛАДЗЕЧНА. Жыхар вёскі Паўночная, што ў Залінейным раёне, 9 мая адзначаў свята Перамогі. П’яны 25-гадовы мужчына вырашыў праехацца на машыне.

Па словах інспектара дарожна-паставой службы Дзмітрыя Стасюлевіча, мужчына сеў за руль свайго “Масквіча-412” і паехаў па Паўночнай з хуткасцю больш за 100 кіламетраў у гадзіну. Каля дома №8 дарогу яму перагарадзіў слуп электраперадач.

Ад удару ў стойку слупа на 50 метраў адляцелі паштовыя скрыні, што віселі на ім. А сама стойка разляцелася на чатыры часткі. Выклік “хуткай дапамогі” быў дарэмны. Кіроўца “Масквіча” абышоўся сінякамі і ранкамі. Машына рамонту не падлягае, і наўрад ці яна спатрэбіцца гаспадару ў бліжэйшыя гады тры, бо правоў кіравання ён, натуральна, будзе пазбаўлены.

П’яная эквілібрыстыка

ВІЛЕЙКА. Цяжкая чэрапна-мазгавая траўма і пералом грудной клеткі – вынік п’янага ліхацтва маладога чалавека ў ніжнім парку. Здарэнне адбылося 8 мая.

“Да нас з бальніцы паступіла паведамленне, што ў рэанімацыю дастаўлены мужчына ў вельмі цяжкім стане, – расказвае у інтэрв’ю “РГ” намеснік начальніка райаддзела міліцыі Андрэй Дударчык. – Калі меркаваць па характары цялесных пашкоджанняў, можна было падумаць: адбылося цяжкае злачынства. Тым больш, што пацярпелы быў неаднаразова судзімы”.

Усё аказалася прасцей. Падобна, што мужчыны ў ніжным парку адзначалі дзень падпісання капітуляцыі фашысцкімі войскамі. У нейкі момант аднаму з іх чамусьці захацелася залезці на жалезную арку. Што ён і зрабіў. Але не ўтрымаўся наверсе і зваліўся на бетонную пляцоўку. Вынік – рэанімацыйнае аддзяленне бальніцы. Загадчык вілейскай рэанімацыі Аляксандр Мацвяенка 10 мая паведаміў “РГ”: пацярпелы пакуль жывы, але ці будзе ён жыць – вялікае пытанне.

Па словах Андрэя Дударчыка, віляйчане “адзначылі” святочныя дні вялікай колькасцю бытавых сварак і шэрагам дробных крадзяжоў.

Сяргей ЗЯНЬКО.