У вілейскім кінатэатры “Мір” 8 мая адбыўся фестываль рок-музыкі “Штармавое папярэджанне”. Мерапрыемства вылучалася маштабнасцю.

У ролі слухачоў і гледачоў былі не толькі маладыя вілейскія хлопцы і дзяўчаты, але і іх мамы і таты, госці з розных гарадоў Беларусі.

Фестываль доўжыўся пяць гадзін. Але ніхто нават не заўважыў, як праляцеў час. Кожны гурт, а іх было 10, прадэманстраваў свой стыль. Таму амаль кожны прысутны пачуў тую музыку, якая яму да душы: джаз, рэгі іграў “JazzКвадрат” з Маладзечна, панк, гранж – “Рэзананс” і “Дзень Незалежнасці ” з Вілейкі, а таксама “Летаргія ” з Мінска, фолк-метал – “Chernovar” (Вілейка), больш цяжкая музыка – “My senseless name” (Маладзечна), “Каніфоль” (Смаргонь).

Удзельнічаў і вядомы панк-гурт з Мінска “Механічныя апельсіны”, які дэбютаваў у далёкім 1994 годзе.

Фестываль, напэўна, запомніцца на ўсё жыццё гітарысту і вакалісту “Chernovar” Генадзю Кірылаву. “Зараз у зале знаходзіцца мая каханая, яна мяне бачыць, – хвалюючыся, сказаў са сцэны Генадзь. – Кацюша, выходзь за мяне замуж, калі ласка!” Дзяўчына была вельмі ўражаная, паднялася на сцэну. Пра што яны шапталіся ўдваіх, невядома. Напэўна, дзяўчына пагадзілася, бо перамовы завяршыліся пацалункам. Уся зала крычала: “Горка!”

У гледачоў ад фестывалю засталіся прыемныя ўражанні.

Марыя: “Асабіста мне канцэрт спадабаўся. Многа гуртоў, якіх я да гэтага не ведала. Плюс запал нашых вілейскіх моцна ўразіў. Усё было так, як чакалася”.

Павел: “Фестываль быў супер! Добры гук у адрозненне ад папярэдніх канцэртаў. Вельмі запомніліся “Механічныя апельсіны” – яны здзівілі сваёй тэхнікай і майстэрствам. Болей бы такіх імпрэзаў!”

Адзін з арганізатараў “Штармавога папярэджання” – Сцяпан Краўчонак, які па сумяшчальніцтве з’яўляецца барабаншчыкам адразу трох гуртоў – “Дзень незалежнасці”, “Chernovar”, “Cross-Wise”. Сцяпан займаўся падборам музычных гуртоў, шукаў памяшканне для фестывалю, адказваў за святло. Ён не раз ладзіў падобныя мерапрыемствы ў Вілейцы – у гэтага яшчэ зусім маладога хлопца нядрэнна атрымліваецца.

Сам Сцяпан Краўчонак фестывалем задаволены: “Сапраўды атрымаўся шторм. Была выдатная падтрымка. Уся зала была запоўненая людзьмі. Яны не толькі слухалі музыку, але і падпявалі знаёмыя ім песні, рухаліся. Гэткага яшчэ не было. Я задаволены”.

Ганна КАСОВІЧ, Вілейка, СШ №3.