Архіўны матэрыял. Упершыню апублікаваны 6 красавіка 2007 года ў “РГ” №14.

Анатоль Шагаў мог стаць мастаком, прафесійным спартсменам. А выбраў музыку. Хоры, якімі кіруе, узялі ўсе магчымыя ўзнагароды. Але і сёння ён не бярэцца казаць пра сябе “таленавіты” і лічыць, што творчасць – гэта мукі.

– Адкуль вы родам?

– Нарадзіўся я ў вёсцы Ямінск Любанскага раёна, за Салігорскам. Гэта пачатак Палесся. Бацька быў партыйны работнік, і яго ўвесь час куды-небудзь пераводзілі. Ён быў і старшыня рабочага камітэта, і сакратар партыйнай арганізацыі, і дырэктар саўгаса. Калі я хадзіў у трэці клас, гэта было ў 1963 годзе, мы ў чарговы раз пераехалі ў вёску Гарадзячыцы Любанскага раёна (афіцыйная назва Гарадзяцічы – рэд). Бацька там узначаліў саўгас. У гэтай вёсцы я закончыў восем класаў.

– Калі пачалі займацца музыкай?

– У раннім дзяцінстве. У трэцім класе навучыўся іграць на баяне. У 6-7 класе ужо кіраваў самадзейным хорам, бо быў адзіным музыкам у акрузе. У хоры было больш за 40 дарослых юнакоў і дзяўчат, і я, 13-14-гадовы хлопчык. Як я іх там вучыў, Бог яго ведае, але спявалі. Мне нават грошы за гэта плацілі. Бо быў аформлены напалову стаўкі музычным кіраўніком сельскіх клубаў у Гарадзячыцах і суседняй Калінаўцы.

– Ведаю, што вы вучыліся ў музычным вучылішчы ў Маладзечне. Як туды трапілі?

– Бацька прывёз. Чаму менавіта туды, не ведаю. Паступіў у адзін дзень. У мяне за восем класаў былі ўсе пяцёркі. І калі я паказаў пасведчанне, Барыс Школьнікаў, дырэктар, пайшоў на трэці паверх, дзе прымаў Анатоль Шунтаў, і спытаўся: “Ну, што там Шагаў, як ён паказаў сябе?” А ён: “У яго такі добры слых, ён усё так добра чуе”. І Школьнікаў мне сказаў: “Ну, тады ўжо едзь дадому, ты паступіў”.

– Атрымоўваецца, за вас усё вырашыў бацька?

– А што я ў свае 15 гадоў мог сам разумець? Я быў задаволены, што мяне прывезлі туды, дзе я буду займацца музыкай. Бацька яшчэ потым пасварыўся з дырэктарам школы ў Гарадзячыцах, бо яны рыхтавалі мяне на залаты медаль. А ён сказаў: “Хай едзе вучыцца іграць, гэта яму болей падабаецца”. Ён меў рацыю. Я яшчэ ў трэці клас хадзіў, а ўжо вяселлі іграў.

– Калі б не сталі музыкантам, кім бы яшчэ маглі быць?

– Я яшчэ добра малюю. Калі вучыўся ў кансерваторыі, прафесар Роўда, якога запрасілі на вяселле, папрасіў, каб я намаляваў плакат на міфалагічны сюжэт, дзе ён віншуе маладых з арфай. Калі гэта ўбачылі яго сябры-мастакі, мне прапанавалі перайсці вучыцца на мастака. А аднаго разу вырашыў стаць прафесійным спартсменам. Я займаўся барацьбой – класічнай, потым вольнай. Мой трэнер Васіль Зайцаў з Маладзечна сказаў: ты будзеш адмысловым спартсменам. І пачаў рыхтаваць мяне да абласных спаборніцтваў. Але я зламаў рабро. А да вучылішча паспеў папрацаваць у лясніцтве. Мая працоўная кніжка ўвогуле пачынаецца з запісу “памочнік камбайнера” – падпрацоўваў у калгасе на канікулах.

– А чаму менавіта харавое аддзяленне?

– Я прыехаў паступаць на баян. А нот не ведаў. Іграў па слыху. І хорам кіраваў па слыху. А быў такі Карл Карлавіч Пагоцкі, і ён сказаў: “Не, ідзі на харавое аддзяленне, баяністам ты не будзеш – нот не ведаеш”. Ну, і ўсё. Але іграў на баяне ўсё роўна. Пачаў вывучаць ноты. А ў вёсцы казаў, што вучуся іграць на баяне. Там бы і не зразумелі, што такое хормайстар. А каб адпавядаць іх чаканням, я браў тыя творы, якія ігралі мае аднакурснікі-баяністы.

– На фатаграфіі вы адзін сярод дзяўчат. Карысталіся ўвагай?

– Я кантактны быў хлопец, актыўны. Калі капуснікі прыдумлялі, ніколі не заставаўся ў баку. Летам кіраваў хорам у Гарадзячыцах, зімой – у Насілаве пад Маладзечнам. Працаваў у вучылішчы мастаком-афарміцелем. Плацілі нейкую капейку, дык і цікавы быў дзяўчатам, бо заўсёды ў кішэнях грошы меў. У падвальчыку ў пераходзе ад вучылішча да інтэрната была мая майстэрня. Там маляваў і дзяўчат, і хлопцаў, і афішы. Малады быў, хацелася нейкія колеры падбіраць, эксперыментаваць. На 200-годдзе з дня нараджэння Бетховена я намаляваў яго партрэт на ўсю сцэну, два на тры метры.

А яшчэ я з дзяцінства фатаграфую. Калі ўжо паступіў у кансерваторыю, Уладзімір Алоўнікаў, рэктар, выдзеліў на восьмым паверсе блок з двух пакояў пад фотамайстэрню. І мяне ўзяў працаваць выкладчыкам па фатаграфіі. Прыходзілі займацца нават больш выкладчыкаў, чым студэнтаў. Мой настаўнік Віктар Роўда, прафесар, народны артыст Савецкага Саюза, пад’язджаў акуратненька на сваёй “Волзе”, падымаўся наверх, садзіўся, і я яго вучыў фатаграфіі. А потым ён ганяў мяне на занятках.

– Цяпер здымаеце?

– Цяпер я займаюся лічбавай фатаграфіяй. Люблю здымаць пейзажы, люблю жанравую фатаграфію. Не люблю пазіраваных здымкаў. Лаўлю адпаведны момант ці здымаю скрытай камерай. Калі-нікалі памучаю сваіх блізкіх – раблю партрэтныя стылізаваныя здымкі.

– Фотаапарат носіце з сабой увесь час?

– У мяне мабільны з фотаапаратам. А так бяру толькі, калі еду на дачу ці проста на прыроду, бо я яшчэ аматар веласіпеда, усё жыццё кручу педалі. У мяне ёсць і матацыкл, але ўжо гадоў восем, як на яго не саджуся. На веласіпедзе я па 20-30 кіламетраў езджу. Звычайна раблю кальцо па Вілейскім раёне – даязджаю да Іжы, ад яе еду ў Войстам, гэта ўжо Гродзенская вобласць, і адтуль праз Нарочу вяртаюся назад. А часам даеду да Маладзечна, ровар на электрычку – і ў Мінск. Там з братам ганяем.

– Мяркуючы па фотаздымках, вы яшчэ і шахматыст?

– Так, я нават кандыдат у майстры спорту. А гуляю з дзяцінства – бацька навучыў. Калі да яго прыязджалі вышэйстаячыя начальнікі, яны выпівалі па грамаў 150 гарэлкі, пачыналі спяваць пад гармонік – бацька іграў, а потым садзіліся гуляць у шахматы. Вось такія раней былі начальнікі. Цяпер вілейскія аматары прыходзяць гуляць зімой да мяне ў школу, бо ў іх няма памяшкання. А ў двары нашага дома я папрасіў мэра, каб зрабілі шахматны павільёнчык. І там мы збіраемся, і дарослыя, і дзеці, гуляць.

– Як вы сталі галоўным хормайстрам дзяржаўнага хору?

– Мікалай Елісеенкаў, бацька нашага знакамітага кампазітара, рыхтаваў мяне ў Ленінградскую кансерваторыю. Але я так туды і не трапіў, бо на чацвертым курсе ажаніўся з аднакурсніцай, а ёй было прасцей паступіць у Мінск. Затое ў мяне была такая падрыхтоўка, якую не маглі не заўважыць. І я трапіў у клас да Міхаіла Дрынеўскага, народнага арыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі. Калі ён стаў мастацкім кіраўніком Дзяржаўнага хору імя Цітовіча, запрасіў мяне на месца галоўнага хормайстра. Я быў толькі студэнтам трэцяга курса. Але на міністэрскай камісіі, якая вызначала маю адпаведнасць, Дрынеўскі сказаў: “Не глядзіце, што ён не закончыў кансерваторыі, лічыце, што ён ужо скончыў аспірантуру”. Праўда, у аспірантуру я не паступаў, бо выехаў з Мінска.

– Чаму?

– У мяне з’явіліся сур’ёзныя праблемы з сэрцам. Часта пачаў выклікаць “хуткую дапамогу”. Дактары параілі з’ехаць у які-небудзь невялічкі гарадок. Таму, закончыўшы кансерваторыю, пераехаў у Вілейку. Дрынеўскі адразу пакрыўдзіўся, нават доўга не размаўляў са мной, але цяпер мы ў вельмі добрых адносінах. Шмат разоў яшчэ запрашаў назад. Да мяне ў Вілейку прыязджаў нават намеснік міністра Уладзімір Скараходаў. Не паехаў. Жыццё важней. Яшчэ год пасля таго, як пайшоў з хору, я нідзе не працаваў, лячыўся.

– Чаму менавіта Вілейка?

– Хацелася знайсці невялікае мястэчка, дзе было б добра працаваць і падправіць здароўе. Шукаў працу ў Петрыкаўскім раёне, у Камаровічах, у Ракаве. А мяне не бралі. Таму што я сам прасіўся. Атрымоўваецца так: ну, і што, што ты кансерваторыю закончыў, сам просішся – значыць, ты нікому не патрэбны. Яшчэ ў Мінску – быў пладавіты хлопец – кіраваў самадзейным калектывам – хорам “Маладосць” у Палацы культуры прафтэхадукацыі. І так атрымалася, што мы ўдзельнічалі ў святочным канцэрце падчас нейкага партыйнага форуму. Туды прыехаў таксама мужчынскі ансамбль з Вілейкі “Світанак”. Яны шукалі сабе кіраўніка. Дырэктару Вілейскага Дома культуры спадабалася маё выступленне з “Маладосцю”, і мне прапанавалі стаць кіраўніком.

– Ведаю, што вы таксама паспелі пабыць выкладчыкам у Маладзечанскім музычным вучылішчы і кіраўніком хору на вілейскім “Зеніце”.

– У 1981 годзе адбылася такая гісторыя: я нашым вілейскім уладам выказаў усё, што пра іх думаю. У маладосці быў такі, што рэзаў матку-праўду. За гэта мяне звольнілі з работы. А дырэктар музвучылішча Рыгор Сарока адразу ўзяў працаваць. У тайне ад гаркама партыі тагачасны дырэктар завода “Зеніт” Куксэнка паклікаў і сказаў: “Толя, ты мне падабаешся, хай сабе што хочуць, а ты прыязджай да мяне, будзеш рабіць на заводзе хор”. Папрацаваўшы з хорам няпоўны год, я пазваніў Міхаілу Дрынеўскаму. Ён прыехаў паглядзець на яго і ўзяў на дзяржаўны канцэрт у Мінску. Калі адкрылася заслона, нашы партыйныя кіраўнікі ўразіліся: побач з дзяржаўным хорам стаіць вілейскі. Адкуль узяўся хор? Шагаў жа працуе ў Маладзечне! Выклікалі Куксэнку, а ён кажа: “Шагаў у мяне таксама падпрацоўвае”. Пасля мне сказалі: “Мы цябе хацелі па-ленінску выхаваць, але памыліліся, вяртайся назад”.

– Яшчэ і заслужанага далі?

– Так, у 1987 годзе мы са “Світанкам” занялі першае месца ў рэспубліцы і выйгралі тэлевізійны конкурс “Пеўчае поле”. Так ужо выходзіла, што ўсе мае калектывы займалі толькі першыя месцы. У 1988 годзе мне прапанавалі пасаду дырэктара музычнай школы. На ёй я 20 гадоў.

– Якімі калектывамі вы цяпер кіруеце?

– З 1981 года існуе хор “Любанія”. Да гэтага я супрацоўнічаў шмат з вёскай Любань каля Вілейкі (гэтая не тая Любань, дзе я нарадзіўся) – пад’язджаў, дапамагаў ім рабіць вясковы хор. А потым гэта ўсё перарасло ў народны хор “Любанія”, які на сённяшні дзень амаль прафесійны. Хоць калектыў базуецца ў Любані, часта праводзім рэпетыцыі ў Вілейцы. З Любані прывозім удзельнікаў на аўтобусіку. Раней сам ездзіў туды на веласіпедзе ці на матацыкле. 12 кіламетраў – гэта ж недалёка. Год назад мужчынская група “Любаніі” арганізавала свой уласны ансамбль “Ваяры”. Нам пашылі новыя касцюмы, у якіх мы адчулі сябе сапраўднымі сярэднявечнымі ліцвінамі, і гэта натхніла на пошук сярэднявечных ваярскіх песень.

– А дзіцячыя хоры як з’явіліся?

– З таго часу, як я стаў дырэктарам музычнай школы, мне не раз гаварылі: чаму ў Вілейцы няма добрага дзіцячага хору. Духавы аркестр лепшы ў рэспубліцы, а хору няма. Таму шэсць гадоў таму пачаў весці дзіцячыя хоры. Атрымалася не адразу. Першыя гады тры былі крывавымі. Гэта і бяссонніца, і нервы. Ніяк не атрымоўвалася зразумець псіхалогію дзіцячай творчасці. Не было кантакту, і ўсё. Пачаў ездзіць, слухаць іншыя калектывы, чытаць літаратуру, размаўляць з выкладчыкамі дзіцячых хораў. Мне дапамагала кіраўнік маладзечанскага хору “Журавачка” Вольга Бялько. І адбылася метамарфоза: не ад мяне, а да мяне цяпер ідуць дзеці. 102 выхаванцы, калі ўбачаць на вуліцы, крычаць з другога боку: “Анатоль Аляксандраві-і-і-і-ч!”. Падбягуць, аблепяць усяго. Дзеля гэтага варта працаваць. Я ўжо 20 гадоў, як з’яўляюся заслужаным дзеячам культуры, і мне не сорамна прызнацца, што яшчэ чатыры гады таму не мог працаваць з дзецьмі.

– Кажуць, што вы ўвогуле любіце вучыцца.

– Калі разваліўся Саюз, было складанае становішча для музычных калектываў, і са “Світанка” давялося зрабіць меншую, больш кампактную і мабільную “Забаву”. Разам з ёй мы аб’ездзілі ўсю Германію ў пошуках заробку. А каб танней было ездзіць, купілі аўтобус. Я здаў на правы вадзіцеля патрэбнай катэгорыі, і вадзіў яго сам. У 48 гадоў пачаў вывучаць нямецкую мову, за два гады авалодаў ёй. А да нядаўняга часу кожны дзень удасканальваў ігру на баяне. Разам з жонкай ездзілі на ўсё лета на Захад, дзе падзараблялі на вуліцы, у рэстаранах, барах. Я не саромеўся гэтага. За адзін вечар можна было зарабіць месячную зарплату. Але ўжо два гады, як не ездзім.

– А самі не спяваеце?

– Па-першае, мне трэба слухаць. А па-другое, не маю патрэбнага тэмбру голасу. У мяне ў дзяцінстве быў вельмі прыгожы дыскант. І заўсёды ў 3, 4, 5 класах ездзіў на конкурсы. Спяваў усе, што і Рабэрціна Ларэці. А калі пачалася мутацыя – хто там разбіраўся ў вёсцы, – у мяне адбылося кровазліццё ў звязкі, і голас застаўся, а тэмбр знік. Музычны слых адпавядае, а голас не такі, які патрэбны салісту. Тое, куды закінула, – усё Боскі провід.

– Музыку пішаце?

– Не. На мой погляд, столькі добрага ўсяго напісана. Сам раблю толькі аранжыроўкі. Іх выкарыстоўвае і дзяржаўны хор.

– Вы часта малюеце?

– Апошні свой эцюд я зрабіў дні ты таму. Малюю пейзажы, акварэлі. Люблю маляваць алоўкам, алеем меней, бо для гэтага трэба больш часу. Бывае такая хвілінка надыдзе, так хочацца ўзяць аловачак, пэндзлік, сесці пад парасончык на беразе рэчкі, каб ніхто не бачыў і не перашкаджаў.

– Выстаў не рабілі?

– Не, ніколі. Хаця прапановы былі. Можа, як выйду на пенсію, будзе час, тады займуся.

– А ён будзе?

– Калі дажыву, то будзе.

– Чаго вам больш за ўсё хочацца?

– Сеў бы на веласіпед і паехаў з палаткай у бок Браслава, туды, за Мядзельшчыну. Нешта маляваў бы, здымаў тыдні два-тры. Потым прыехаў у вёску і там нешта рабіў. У мяне ёсць усякія задумы – хачу хату адрамантаваць і г.д.

– Ці лічыце сябе шчаслівым чалавекам?

– Так адразу і шчаслівым… Я б сказаў па-іншаму: жыццё ўдалося. Можа, не ў поўнай меры. У мяне ёсць каханая жанчына, ёсць мае дзеці, мая праца. Ёсць у мяне мае хваробы, з якімі я ваюю. Жыццё напоўненае.

– Ці адчуваеце радасць ад таго, што вы робіце?

– Радасць? Творчасць – гэта мукі. А калі працуеш і хочаш зрабіць нешта адметнае, то гэта бяссонніца, пошук, душэўныя мукі. Творчасць – гэта хвароба.

Размаўляла Вольга РУДНІЦКАЯ.

“Не стала Анатоля Шагава”

 

Анатоль з аднакурсніцамі ля Маладзечанскага музвучылішча. Тут ён махае рукой “сабе”, бо сам устанавіў аўтаспуск на свой жа фотаапарат.

 

Фатаграфію сваіх бацькоў, Валянціны і Аляксандра, Анатоль зрабіў сам. Увогуле ён любіць злавіць цікавыя моманты ў аб’ектыў фотаапарата.

 

Тое, чаго ніколі не было. Анатоль Шагаў ніколі не курыў, тут узяў цыгарэту для бравады.

 

На вакацыйнай працы ў піянерлагеры.

 

Анатоль Шагаў – кандыдат у майстры спорту па шахматах. Гуляе з самага дзяцінства, цяпер апякае вілейскіх шахматыстаў.


У час выступлення вілейскага гарадскога хора перад удзельнікамі беларуска-літоўскай экспедыцыі па слядах графа Тышкевіча. Вілейка, 2008 год.

 

У гарадскі парку Вілейкі. Партыя ў шахматы.

Чытаць пра Анатоля Шагава:

Даведка “РГ”.

 “Не стала Анатоля Шагава”