У Сасновым Бары праходзіў конкурс “Супердзядуля”. Пераглядваю фотаздымкі з мерапрыемства. Па-добраму зайздрошчу дзяўчынцы, якая ра­зам з дзядулем спявае.

Свайго дзеда я памятаю мала. Яшчэ дашкольніцай была, калі яго не стала. Дзіцячая памяць захавала толькі некалькі момантаў. Вось ён ідзе па вуліцы. Высокі, дужы, а я яму бягу насустрач, радуюся, што прыехаў у госці.

Час ад часу ўсплывае ў памяці бабуліна хата ў вёсцы Жарлакі Мала­дзечанскага раёна. Ложак ля акна. Я сяджу на падушцы і галашу, прашуся дадому. Хаця яшчэ паўгадзіны таму дала слова маці, што прабуду ў гасцях не менш за ты­дзень. Раніцай наступнага дня дзядуля бярэ мяне за руку, і мы ра­зам ідзём у Мойсічы на аўтобус. Адразу дарогай, пасля полем, затым праз аэрадром, уздоўж якога стаяць доўгія салдацкія казармы. Садзімся ў аўтобус, едзем у Мала­дзечна. Пасля яшчэ нейкі час сядзім у чыгуначным вакзале…

Другога свайго дзеда, гэта ўжо па лініі бацькі, я бачыла толькі на фотаздымку. Ён рана пайшоў з жыцця, не паспеўшы не толькі дачакацца ўнукаў, але і паставіць на ногі сваіх дзяцей. Па скупых бабуліных расказах ведаю, што дзед Васіль быў добрым, безадказным чалавекам, з не вельмі простым лёсам. Думаю, ён бы любіў сваіх унукаў. І нас з братам, а таксама трох сваіх унучак, дачок старэйшага сына, катаў бы на арэлях і вадзіў купацца на Беразіну, якая працякае за вёскай.

Мой знаёмы ведае свайго дзеда не па фотаздымках. У вёсцы ён рос ажно да школы. Ну, што тут зробіш: не пайшоў на карысць хлопцу дзіцячы сад. “Спяваў” там з раніцы да вечара. За дзень ад слёз запухалі вочы. І дзед, гледзячы на пакуты ўнука, загадаў весці яго ў вёску. Там дзіця таксама не было асабліва куды дзяваць: і дзядуля, і бабуля працавалі. Таму Сашка, як сапраўдны калгаснік, у тры гады ўжо вазіў з дзедам на ўборачнай збожжа і даглядаў з бабуляй цялят.

У школу ён пайшоў у горадзе. Але кожныя выхадныя ляцеў на ўсіх парусах у вёску. “Дзед для мяне – гэта ўсё”, – любіў ён казаць, як падрос. З дзедам яны вудзілі рыбу, гулялі ў футбол, рамантавалі адразу веласіпед, а пасля і матацыкл. “Дзед, машына не заводзіцца”, – скардзіцца 20-гадовы юнак свайму 70-гадоваму дзядулю. “Задзірай, малышня, капот!” – камандуе той, закасваючы рукавы…

Юлін дзядуля – заядлы садоўнік і пчаляр. Як і ўсім мужчынам, яму хацелася ўнука. Нарадзілася дзяўчынка, якую ў гадоў дзесяць зрабіў “сваім хлопцам”. Разам яны прышчэпліваюць дрэвы, кормяць пчол, будуюць на дачы цяпліцы пад памідоры і агуркі. Прыгажуня Юлька “наразае” па дачным пасёлку на дзедавым матацыкле, лёгка мяняе колы ў веласіпедзе і нават умее рамантаваць гадзіннікі. Дзед навучыў!

“Не хаваючыся, курыць я пачаў у гадоў 15, – гэта ўжо адзін мой сваяк расказвае пра моманты юнацтва. – Дзед на сене з беламорынай злавіў і бацьку наказаў, каб мяне не чапаў. Усё баяўся, што гаспадарку дымам пушчу. А праз год я сам курыць кінуў. Даў мне дзед нейкую самакрутку. Маўляў, пакаштуй. Цэлы дзень пасля гэтага ванітавала, ледзь жывы застаўся. Дзядуля ратаваў. Гарбатку падносіў, прымочкі на галаву клаў, спачуваў. А вочы хітрыя-хітрыя былі. Толькі праз год прызнаўся, што так ад цыгарэт мяне адвучваў”.

Марына Сліж.