У ліку сямі лепшых школ рэспублікі ільянскія школьнікі будуць абараняць яе гонар на форуме, прысвечаным 65-годдзю Перамогі, які пройдзе ў музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску.

У даволі далёкае мінулае адышоў той памятны для Ільянскай школы 1995 год, калі загадам па школе за нумарам 21 упершыню адчыніў свае дзверы для наведнікаў краязнаўчы музей, які пазней атрымаў назву “Ільянскія далягляды”.

У перадсвяточны май­скі дзень школа ўрачыста святкавала 15-годдзе музея. Ёсць чым ганарыцца ільянскім краязнаўцам: музей мае багата экс­панатаў, упэўнена раз­віваецца і працуе. Змя­нілася не адно пакаленне экскурсаводаў, прайшлі сотні цікавых змястоўных экскурсій, урокаў, сустрэч, напісана выпускнікамі не адна курсавая работа, а вучнямі навуковая па матэрыялах музея.

Юныя краязнаўцы з’яўляюцца пераможцамі шматлікіх конкурсаў ра­ённага, абласнога, рэспубліканскага і між­на­роднага ўзроўняў. Час­тка экспанатаў займае хол, кожны вучань мае магчымасць пакратаць прадметы быту, патрымаць у руках прылады працы, пазнаёміцца з рамёствамі.

Сам музей мае экс­пазіцыі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, польскаму перыяду, гісторыі Ільянскага раёна, гісторыі школы, яе выпускнікам. Асобная экспазіцыя прысвечаная выпускніку школы прафесару Антону Грымацю, імя якога носіць наша школа.

Свята музея было прысвечанае 65-годдзю Перамогі. Ва ўступным слове дырэктар школы Ігар Юшко (ён з’яў­ля­ецца кіраўніком музея) адзначыў, што час ідзе, спыняцца на дасягнутым нельга. Адыходзяць ветэраны, якія абаранялі бацькаўшчыну ў часы ваеннага ліхалецця. Але памяць жыве ў экспанатах музея, сабраныя ўспаміны сведак таго часу, толькі праца для рупліўцаў краязнаўства ніколі не спыніцца.

Слова ўзяла Зоя Новікава – начальнік аддзела турысцка-краязнаўчай і эколага-натуралістычнай работы Мінскага абласнога метадычнага кабінета. Шчырыя воплескі вучняў і настаўнікаў перапыняюць выступоўцу. Зоя Аляксандраўна паведамляе, што сярод справаздач па краязнаўстве на абласным узроўні наш музей быў прызнаны лепшым. Музею даручана абараняць гонар рэспублікі на форуме, які прысвечаны 65-годдзю Перамогі і пройдзе ў музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, у ліку сямі лепшых школ рэспублікі. Яна назвала нашу школу яркай зорачкай, бо займае вядучыя пазіцыі ў пошукавай, навукова-даследчай працы вобласці.

У эстафеце патрыятычных спраў, якая ідзе ад раёна да раёна, Вілейскі раён таксама сярод лепшых, у гэтым ёсць заслуга і Ільянскай школы. Зоя Новікава падзякавала за работу калектыву энтузіястаў музейнай справы і ўсяму калектыву школы, запрасіла прыняць удзел у абласным турыстычным злёце ў чэрвені, які будзе праходзіць у зоне Вілейскага вадасховішча.

У межах літаратурна-музычнай кампазіцыі “Дарогамі Подзвігу і Славы” ў выкананні вя­дучых Дзмітрыя Міку­ліча і Ксеніі Бажэл­кі гучалі вершы вілей­скіх паэтаў, песні ў вы­кананні Веранікі Газавай, Аляксандра Суд­ніковіча, Вікторыі Аку­ліч, Аляксандра Цыбі­на, вакальнай групы на словы і музыку Галіны Кутас, Міколы Кутаса.

Прысутныя змаглі адчуць настрой байцоў, іх сум па родных, уявіць кароткія перапынкі між баямі дзякуючы “Зямлянцы”, “Осенним листьям” у выкананні інструментальнага ансамбля пад кіраўніцтвам настаўніка музыкі нашай школы А. Тумашэвіча.

Сцішана слухала за­ла фрагменты выступ­лення ветэранаў Іва­на Міхайлавіча Жука, Часлава Антона­ві­ча Варславана, Іва­­на Пят­ровіча Руд­ніц­ка­­га. Балюча кранулі дзі­ця­чыя сэрцы ўспаміны Алімпіяды Іванаўны Казлоўскай, якія зачыт­ваў Мікуцкі Дзмітрый. Ёй, дзіцяці вайны, ішоў 12-ы год, а пакуты, што выпалі на долю, вытрымаў бы не кожны дарослы. Да слёз расчуліў залу верш “Рэха вайны” ў выкананні Яўгена Станоўскага.

Мікалай Кутас, біб­лі­ятэкар Абадоўскай сельскай бібліятэкі, член савета краязнаўчага музея Ільянскай СШ, падарыў музею апошнюю сваю кнігу “Сведчаць землякі”, дзе змешчаныя яго вершы, публікацыі, прысвечаныя лёсам ветэранаў-землякоў. Кніга прысвечаная 65-годдзю Пера­могі.

Роза ШЭРАЯ, кіраўнік музея “Вілейшчына літаратурная” Ільянскай АСШ імя Антона Грымаця.