Пракуратура 14 мая дала дазвол міліцыі на заключэнне пад варту 39-гадовага жыхара Арменіі, які незаконна знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі ў Валожынскім раёне.

За такое ж крымінальнае злачынства армянін сёлета ўжо быў асуджаны. Намеснік пракурора Валожынскага раёна Віталь Юрэвіч расказаў у інтэрв’ю “РГ”: гэта трэці незаконны ўезд ў Беларусь Сагатэла Аракеляна. 12 ліпеня 2009 года ён быў прымусова высланы з нашай краіны. Але зноў вярнуўся ў Беларусь.

Суд Валожынскага раёна 6 студзеня прыгаварыў Сагатэла да чатырох месяцаў арышту па артыкуле 371-2 Крымінальнага кодэкса “Парушэнне тэрміну забароны ўезду на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь”.

На гэты час Сагатэл знаходзіўся пад вартай ад лістапада 2009 года. Тэрмін зняволення для яго скончыўся 6 сакавіка. Праз 20 дзён армянін быў высланы ў Расію тэрмінам на два гады без права ўезду на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь да 26 сакавіка 2012 года.

Не чакаючы тэрміну забароны ўезду, 27 красавіка Сагатэл вярнуўся. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі яго ў вёсцы Доры.

Афіцыйнага месца жыхарства ў армяніна няма. У Дорах ён жыў з сужытніцай. Па словах Сагатэла, ён увесь час вяртаецца ў Валожынскі раён да сваіх дзяцей, якіх у яго чацвёра. Вось толькі афіцыйна афармляць сваё знаходжанне ў нашай краіне не спяшаецца.

Цяпер Аракелян зноў чакае суда. Паводле артыкула Крымінальнага кодэкса, яму пагражае арышт ад трох да шасці месяцаў альбо пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў.

Сагатэл прасіў не пазбаўляць яго свабоды да суда. Армяніну было прапанавана ўнесці 300 базавых велічынь залогу (10 500 000 рублёў). Ён сказаў, што грошай няма. Замест іх прапанаваў халадзільнік, тэлевізар і DVD-прайгравальнік.

Але рэчамі праваахоўныя органы залог не бяруць…

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота www.oko.by.