Аматар цюльпанаў затрыманы ў Вілейцы. Змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання і арыштаваны. Мужчына спачатку рваў кветкі на прыватным падворку, потым – на плошчы Леніна.

Намеснік начальніка райаддзела міліцыі Андрэй Дударчык расказаў у інтэрв’ю “РГ”: каля 50 цюльпанаў зламыснік сарваў у райцэнтры ў прыватным агародзе. Крымінальную справу ў адносінах да яго работнікі міліцыі ўзбудзілі па артыкуле “Крадзеж”, але да суда свабоды не пазбавілі.

Гэтага паказалася злодзею недастаткова, і ў 5 гадзін раніцы 10 мая, пасля Дня Перамогі, ён выйшаў на плошчу Леніна. Выпадковыя прахожыя, якія засталі мужчыну за зборам цюльпанаў, казалі, што паводзіць ён сябе непрыгожа. На што аматар вясновых кветак папярэдзіў прахожых: калі будзеце мне перашкаджаць, выклічу міліцыю, яна прыедзе і разбярэцца з вамі.

Нарад аддзела Дэпартамента аховы выклікалі прахожыя. Міліцыянеры прыехалі і разабраліся. Прыкладна 60 цюльпанаў было канфіскавана. На гэты раз зламысніка абвінавацілі ў грабяжы – адкрыты крадзеж маёмасці.

“Своеасабліва чалавек адзначыў Дзень Перамогі. Цяпер далучацца да прыгожага і цудоўнага яму, хутчэй за ўсё, давядзецца на зоне”, – сказаў Андрэй Дударчык.

Сяргей ЗЯНЬКО.