А ў той дзень пайшла ў лес у лісічкі і не вярнулася. Спахапіліся яе толькі тады, калі пенсіянерка не прыйшла на пошту па пенсію. Старшыня сельвыканкама прыехаў да адзінокай хаты, зачыненай на замок. Дзве казы ў хляве і два сабакі здохлі ад голаду – па ўсім было відаць, што гаспадыня не карміла іх даўно. Пенсіянерку знайшлі па вясне ў лесе непадалек ад мяжы з Літвой. І вядзерца з лісічкамі стаяла побач.

Вось так ціха, не на вачах у людзей, перасялілася апошняя жыхарка Стрыпішак да сваіх землякоў, на могілкі. І вёска стала нежылой.

Гэту гісторыю распавёў 84-гадовы жыхар суседняй вёскі Ясень Малаф Зубанаў. Ён жа паведаміў, што яшчэ паўвека таму вёска была шматлюднай. А ў пачатку дваццатага стагоддзя тут жыло больш за 700 чалавек. Па дадзеных Дзяржаўнага архіва Літвы, у 1927 годзе прыход стараверскага храма ў Стрыпішках налічваў 645 душ. Малаф Лявонавіч пераказвае мясцовую легенду: сюды, на вечарынкі да “рускіх дзевак”, любіў ездзіць малады Юзаф Пілсудскі, будучы кіраўнік Польшы. Ён нарадзіўся непадалёк ад Стрыпішак, у Зулаве, якое зараз на тэрыторыі Літвы. А з 1874 года яго сям’я жыла ў Вільні – гэта таксама блізка.

Малаф Зубанаў, які нарадзіўся у 1926 годзе непадалёку, адзін з нямногіх, хто сёння можа расказаць пра мінулае Стрыпішак.

 

Траецкая царква – былы рэлігійны і культурны цэнтр жыцця старавераў акругі. Цяпер гэты будынак зрэдзьчасу наведваюць толькі журналісты са сваімі праважатымі ды пагранічнікі – Стрыпішкі знаходзяцца ў памежнай зоне за адзін кіламетр ад мяжы з Літвой.

 

Малаф Зубанаў выхаваны ў сям’і паморскіх старавераў, якія пасяліліся на Астравеччыне ў 17-м стагоддзі.

 

Так з вышыні царкоўнай званіцы выглядае былая вёска.

 

На царкоўнай званіцы. Дзядзька Малаф згадвае, з якой радасцю ён у маладосці узнімаўся сюды, каб пазваніць у два магутныя “кілаграмаў па 500 званы”.

 

На шляху да Стрыпішак наш легкавік “сеў на пуза”. Апошні кіламетр ішлі пешкі. На зваротным шляху “Пасат” дапамаглі выштурхнуць, пасля праверкі нашых дакументаў, двое пагранічнікаў, якіх выпадак паслаў нам на матацыкле на гэтай дарозе.

 

Да дзяржаўнай мяжы – усяго нейкі кіламетр. Гэтай дарогай некалі ў Стрыпішкі з суседняга Зулава прыходзіў да “рускіх” дзяўчат Юзік Пілсудскі. Малаф ведае пра гэта ад мясцовых равеснікаў былога начальніка Польшчы.

 

Непадалёк ад Стрыпішак у лесе схаваліся могілкі старавераў, дзе спачываюць родныя Малафа Лявонавіча.

Рускай вёску Стрыпішкі называлі таму, што жылі тут стараверы.

Мой “экскурсавод” Малаф Зубанаў – таксама “рускі”, старавер. Хаця, згадвае сам, усё жыццё пражыў у Ясені. Тут нарадзіліся, жылі і памерлі яго прадзед, дзед і бацькі – усе пахаваныя на могілках у Стрыпішках, бо ў Ясені “рускіх” сем’яў было нямнога. За ўсё жыццё да якой толькі нацыянальнасці яго не адносілі! Пры паляках ён быў “стараобежондавец”, потым доўга лічыўся рускім, а потым у пашпарце ў радку “нацыянальнасць” з’явіўся запіс “беларус”. Хаця, прызнаецца Малаф Лявонавіч, ніколі мясцовыя стараверы не адчувалі ўціску ад ўладаў за сваю веру.

На могілках у Стрыпішках Малаф Лявонавіч бывае часта. Але зараз наш шлях ляжыць паўз стараверскія могілкі ўглыб лесу, туды, дзе на месцы неіснуючай вёскі, за паўкіламетра ад мяжы з Літвой, адзінока стаіць царква старавераў – самая старая з тых, што захаваліся на Беларусі. Крыніцы з літоўскага архіва захавалі звесткі: стараверскі храм Святой Тройцы ў Стрыпішках – рэдкі для нашага часу і ўнікальны помнік драўлянага царкоўнага дойлідства. Пабудаваны яшчэ ў 18 стагоддзі стараверамі-паморцамі, ён некалькі разоў перабудоўваўся. Апошні раз работы ў храме праводзіліся стагоддзе таму, у 1910 годзе.

Кажуць, што Гасподзь аберагае свае святыні. Прынамсі, так яно і ёсць, бо тыя два кіламетры ад могілак да царквы сталіся нам цяжэйшымі і даўжэйшымі, чым увесь шлях на Астравеччыну. І толькі дзіву даешся, што ёсць яшчэ на Беларусі месцы, дзе рэдка ступае нага чалавека.

Першай перашкодай на нашым шляху сталі бабры, якія пабудавалі запруду на невялікай рачулцы так, што яна разлілася на адзіную дарогу. У гэтай каляіне трывала засеў наш легкавічок. Вельмі дарэчы ў багажніку аўтамабіля Аляксандра Манцэвіча адшукаліся гумовікі, у якіх я і рушыла ў далейшы шлях. Аляксандру Барысавічу пашанцавала менш, і яму давялося далей падарожнічаць басанож.

Мінаем усе перашкоды, і нарэшце справа ад дарогі выбліснула сярод высокіх дрэў ужо пабітая ржой макаўка-купал драўлянай царквы.

Не толькі для мяне, але і для нашага “гіда” Малафа Зубанава гэта падарожжа абяцала шмат адкрыццяў – Малаф Лявонавіч не быў тут 10 гадоў, з таго часу, як сышоў у нябыт апошні святар царквы. Тады з храма вывезлі абразы. Сказалі: калі знойдзецца святар, абразы вернуць. А вось дзе дзеліся званы са званіцы, Малаф Лявонавіч не ведае. А былі ж яны галасістыя, гучныя – здалёк чуваць. У вайну, узгадвае Зубанаў, людзі знялі гэтыя званы і схавалі, каб немцы не вывезлі іх. Потым зноў усталявалі на царкву.

На дзвярах храма, падпёртых зламанай аканіцай, аж дзве шыльдачкі нагадваюць, што царква – гісторыка-культурная каштоўнасць і ахоўваецца дзяржавай. Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці трэцяй катэгорыі храму нададзены ў 2005 годзе.

Толькі што ахоўваць – вокны выламаныя, дах пашкоджаны, а ў вялікім памяшканні запусценне. Шпалеры на сценах вісяць шматкамі – папсавалі мышы. Пад высокай столлю аблюбавалі месца для гнездавання птушкі.

Бачу, як вільгатнеюць вочы ў Малафа Лявонавіча – узгадвае, як тут прыгожа было яшчэ 10 гадоў таму:

– Вось тут пад столлю вісела трох’яруснае панікадзіла, праз правыя дзверы ў царкву заходзілі мужчыны, праз левыя – жанчыны. Так у нас заведзена.

Месцы, дзе былі вясковыя хаты, цяпер угадваюцца толькі па белым кіпені старых разгалістых яблынь. На месцы вёскі расце лес. Вось тут, пад ліпамі, што збегліся кучкай, стаяў магазін, а справа ад царквы – школа. Яе будынак за савецкім часам разабралі і вывезлі ў Літву. На месцы, дзе стаяў “общественный дом”, зараз толькі груда спарахнелага дрэва. А вось драўляная царква з васьміканечным крыжам на купале захавалася і лічыць сваё жыццё стагоддзямі.

Калісьці планавалі зрабіць тут музей. Ды навошта музей там, куды доступ абмежаваны – прыгранічная тэрыторыя. І дабрацца сюды – самі бачыце.

Старшыня Мінскай стараверскай паморскай абшчыны Аляксандр Бялоў знайшоў выйсце. Ён хоча перавезці будынак у Мінск, каб выкарыстоўваць яго па прызначэнні. Малаф Зубанаў лічыць такое рашэнне адзіна правільным – хай бы яшчэ царква паслужыла людзям. Зроблена ж яна з дыхтоўнага дрэва, купленага ў пана Сволкена.

І Міністэрства культуры, і аблвыканкам дазвол на перавоз храма далі. Цяпер ідзе пошук месца для яго ў сталіцы.

Прынамсі, не толькі прырода чыніць перашкоды на шляху да храма, але і людзі надзейна ахоўваюць яго. Перад намі гэтыя анёлы-ахоўнікі прадсталі ў форме пагранічнікаў. Прызнаюся шчыра, для нас яны сапраўды сталі анёламі-выратавальнікамі, бо з’явіліся якраз у той момант, калі мы, развітаўшыся з нябожчыцай-вёскай, падышлі да свайго безнадзейна завязлага ў багне легкавіка і яшчэ раз пераканаліся, што для яго выратавання ўсіх нашых кансалідаваных сіл недастаткова.

Праверыўшы дакументы, пацікавіўшыся, што мы робім побач з мяжой, мужчыны дапамагаюць выштурхаць легкавічок. І зноў спяшаюцца аглядаць мяжу. Транспарт у іх усюдыходны – матацыкл, яму бабрыная запруда не перашкода.

А я ў чарговы раз здзіўляюся цярпенню і сіле духа майго “экскурсавода”. Рана аўдавеўшы, Малаф Зубанаў адзін выгадаваў двух сыноў і дачку, даў ім адукацыю. Усё жыццё старанна працаваў трактарыстам у калгасе, упраўляўся з немалой сялянскай гаспадаркай. І ўвесь час захоўваў сваю веру і звычаі. Ён і цяпер наведвае стараверскі храм у Свіры – бліжэй няма. Бывае там па вялікіх святах. З разуменнем адносіцца і да іншых канфесій – дзеці вунь пабраліся шлюбам з “новаверамі”, і нічога крамольнага ў гэтым Малаф Лявонавіч не бачыць.

Наталля ШАФАРЭВІЧ.

Фота Аляксандра МАНЦЭВІЧА.