Дзесяцікласніца гімназіі-каледжа мастацтваў Аня Сныткіна займаецца кікбоксінгам. Стараннасць і ўпартасць у дасягненні мэты дазволілі Ані за невялікі тэрмін дасягнуць поспеху. Дзяўчына – чэмпіён Беларусі ў лягчэйшай вазе.
Карэспандэнтка моладзевай рэдакцыі “РГ” пагутарыла з Аняй і даведалася, навошта ёй патрэбны гэты нежаночы від спорту.

– Аня, як ты трапіла ў кікбоксінг?

– Мне дапамог мой бацька. Але гэта было не так звычайна, як робяць усе бацькі: бяруць сваё дзіця за руку, вядуць у які-небудзь гурток ці спартыўную секцыю і гавораць: “Вось, дачушка, ад гэтага часу ты цяпер будзеш тут займацца”. Я думаю, у таты быў свой псіхалагічны план. Ён добра ведаў, што мяне захапляюць такія відовішчы, мы не раз з ім глядзелі баі па тэлевізары і нават хадзілі на спаборніцтвы. Бацька расказваў пра свае поспехі ў боксе, у мінулым ён кандыдат ў майстры спорту. Я слухала і захаплялася. Потым ён расказаў, што мае знаёмага трэнера па кікбоксінгу ў Чысці Міхаіла Панцюхова. Але так атрымалася, што трапіла я не да Міхаіла Андрэевіча ў Чысць, а да яго сына Сяргея, які трэніруе кікбаксёраў у Маладзечне.

– Даўно займаешся?

– Займаюся я не так даўно. Усяго шэсць месяцаў. Зрэшты, каб раней мне хто сказаў, што я буду займацца такім відам спорту, я б проста ўсміхнулася. Але такое сапраўды здарылася.

– Ці не думала заняцца якім-небудзь менш траўматычным відам спорту?

– Не. Я выбрала кікбоксінг, напэўна, таму, што люблю такія відовішчы і мне падабаюцца ўсе віды адзінаборстваў. Для мяне гэта цэлы свет, які захапляе і валодае ўсімі частачкамі нервовай сістэмы. Дапамагае жыць.

– Як маці адрэагавала на тваё рашэнне заняцца кікбоксінгам?

– Маці адразу была супраць, і цяпер яна супраць. Але што зробіш, калі мне так падабаецца гэты від спорту? Я і сама разумею, што сілавыя адзінаборствы не для дзяўчат. З іншага боку, думаю, кожная дзяўчына хацела б заўсёды быць гатовай сябе абараніць. Кікбоксінг дае такую магчымасць. А яшчэ ён дае мне добрую фізічную падрыхтоўку для паступлення ў тую вышэйшую навучальную ўстанову, куды я збіраюся паступаць у наступным годзе, – Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў.

– Як праходзяць трэніроўкі?

– Пра трэніроўкі я гатовая гаварыць гадзінамі, нават газетных старонак не хопіць. Кожны аўторак і чацвер у шэсць гадзін вечара ў манежы пачынаецца трэніроўка. Дзяўчат у нас няшмат, і таму даводзіцца працаваць у парах з хлопцамі. Доўжыцца трэніроўка дзве гадзіны, пасля яе кожны мае магчымасць атрымаць парады ад трэнера.

Летам мы ходзім у паходы. Спачатку на пяць дзён, а потым на восем з 20-кіламетровым начным марш-кідком. Хто не вучыцца у першы месяц лета, можа адпачыць і папрацаваць у спецыяльна арганізаваным для нас лагеры.

– Узяць першае месца на рэспубліцы – што для цябе гэта значыла?

– Для мяне гэта было адкрыццём новага шляху, атрыманнем новых адчуванняў, пакарэннем Алімпу. Гэта значыць, што я маю сілы і магу працаваць над новымі дасягненнямі. Расці і дабівацца яшчэ большых поспехаў не толькі ў галіне спорту, але і ў вучобе.

– Перамога на рэспубліцы падзяліла тваё жыццё на раней і пасля?

– Не. Я такая ж простая дзяўчына, як і раней.

– Якая ў цябе мэта цяпер?

– На дадзены момант галоўная мэта для мяне – паступіць у наступным годзе у Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў на факультэт міліцыі. З дзяцінства мару стаць следчым.

– Калі хто-небудзь з тваіх знаёмых вырашыць заняцца кікбоксінгам, будзеш яго адгаворваць?

– Не, не буду. Кожны можа сябе паспрабаваць у кікбоксінгу. Нічога дрэннага ў гэтым відзе спорту няма.

Гутарыла Насця ГРЫГУЛЕВІЧ, моладзевая рэдакцыя “РГ”.

Фота Насці ГРЫГУЛЕВІЧ.