Халодную ваду ў суботу, 22 мая, адключаць ва ўсім горадзе. Гарачая вада была адключаная 12 мая.

“Гэта штогадовае планавае адключэнне, – сказаў у інтэрв’ю “РГ” галоўны інжынер прадпрыемства “Водаканал” Генадзь Кажарновіч. – Нам трэба правесці прафілактычныя работы з электраабсталяваннем, трансфарматарамі, высакавольтнай часткай водазабору, прамыць водаправодныя сеткі”.

Па словах Генадзя Кажарновіча, ваду адключаць у 6 гадзін раніцы. У аб’явах, што развешаныя па пад’ездах, напісана: вады не будзе да 21 гадзіны. Але, як адзначае галоўны інжынер, яго работнікі пастараюцца завяршыць работы раней, хаця б гадзін да 19-ці.

Адразу пасля ўключэння якасць вады будзе горшая, чым звычайна. Як адзначае Генадзь Кажарновіч, у суботу вечарам адназначна дрэнная яна будзе ў раёне завода “Зеніт”, ды і ва ўсім горадзе будзе мутнаватая. Але ўжо ў нядзелю павінна пачысцець.

У дзень адключэння ў Вілейцы будуць працаваць чатыры пункты па забеспячэнні вадой тых, хто не паспеў яе набраць з кранаў у пятніцу. Наліваць будуць з трох малакавозаў і адной цыстэрны. Прыйсці з вёдрамі да машын можна будзе на вуліцах Незалежнасці, Гагарына, Кастрычніцкай і 17 Верасня.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Май. Час застацца без гарачай вады