Мінскі абласны форум дзіцячых і моладзевых ініцыятыў, творчасці выпуснікоў-медалістаў, пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд, міжнародных канферэнцый, конкурсаў і фестываляў, лідэраў і актывістаў грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў адбыўся 18 мая.

Спачатку 22 аўтобусы, дэлегацыі з кожнага раёна, сабраліся ў Сенніцы Мінскага раёна і спыніліся каля Сенніцкага Дома культуры.

Тут было ўрачыстае адкрыццё форуму “Сваімі справамі мы магутнасць краіны прымнажаем”. Пасля адбыўся адкрыты дыялог. Вучні маглі задаць пытанні прадстаўнікам Міністэрства адукацыі, моладзевых арганізацый.

Цікавіліся самымі рознымі тэмамі: чаму выбіраецца “Настаўнік года”, але няма конкурсу “Вучань года”; чаму вучэбныя дапаможнікі па гісторыі Беларусі ўсё часцей выдаюцца на рускай мове, а не на беларускай, як раней; ці зменіцца колькасць выпускных экзаменаў (можна ўздыхнуць свабодна, пакуль не плануецца); ці магчыма правядзенне такога форуму разам з вучнямі з краін СНД і шмат іншага.

Дарэчы, адказ на пытанне можна атрымаць на сайце Міністэрства адукацыі. Напэўна, на самую большую колькасць пытанняў адказаў Мікалай Кулеш, выканальнік абавязкаў начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама.

Пасля на плошчы адбыўся парад ”Мы – творцы сваёй эпохі”, праўда, складаўся ён з саміх удзельнікаў форуму, якіх спрабавалі выстраіць у шарэнгі па чатыры чалавекі, яшчэ разбіць на тры групы і арганізавана правесці па плошчы. Ну, а затым быў пераезд ў Азярцоўскую агульнаадукацыйную школу і абед. Вось тут хочацца сказаць вялікі дзякуй усім поварам, бо было вельмі смачна.

Ад Маладзечанскага раёна на форум накіравалі 10 дэлегатаў, па ўдзельніку ў адну з творчых гасцёўняў “Вясёлка талентаў”.

Тэматыка ў іх была самая разнастайная. Тут і “Ад перамогі над сабой – да Алімпійскага медаля”, і “А музыка гучыць”, і “Мой род, мая сям’я”, і “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.

“Напішыце, калі ласка, хуценька па чарзе на лістках слова, якое першым прыйдзе ў галаву. Цяпер групы абмяняйцеся лісткамі і за тры хвіліны паспрабуйце прыдумаць вершаваныя радкі з гэтымі словамі”, – так пачалася прэзентацыя творчасці юнай паэтэсы Кацярыны Баблеўскай, вучаніцы Заслаўскай школы №1, на якой давялося папрысутнічаць і мне. Адразу пасля гэтай невялікай гульні знікла напружанасць, усе быццам пасябравалі.

Я, шчыра кажучы, нічога ад гэтай сустрэчы напачатку не чакала. Здавалася, ну што цікавага можна пачуць ад дзевяцікласніцы пра вершы? Але ж нездарма яна з’яўляецца лаўрэатам І ступені рэспубліканскага конкурсу “Юныя таленты Беларусі”.

Дзяўчына пазнаёміла нас са сваёй творчасцю, арганічна чаргуючы аповед з вершамі. Мы там нават песні спявалі. У гэтай гасцёўні прысутнічала яшчэ і Кацярына Хадасевіч-Лісавая, пісьменніца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Яна таксама расказала пра свой творчы шлях, пра жыццё літаратара, падзялілася вопытам.

У рамках форуму праходзіла дабрачынная акцыя “Пісьмы дабра”. Удзельнікі форуму на падрыхтаваных крылах папяровых галубоў напісалі шчырыя, добрыя, светлыя пажаданні хворым дзеткам, што знаходзяцца на лячэнні ў абласным анкалагічным цэнтры, і ветэранам Вялікай Айчыннай вайны.

Але мне больш, чым праграма форуму, спадабалася сама атмасфера свята: столькі маладых, разумных, з усмешкай твараў. Я сустрэла шмат сваіх сяброў і знаёмых, якіх не чакала тут ўбачыць. І калі заўважаеш чарговы знаёмы шчаслівы твар, разумееш, што такія мерапрыемствы патрэбныя, што гэта не толькі магчымасць даведацца нешта новае, а, напэўна, нават у першую чаргу, гэта зносіны, гэта кантакты, гэта знаёмствы і размовы.

Яна ТОНКАВІЧ, моладзевая рэдакцыя “РГ”.

Фота забяспечана Янай ТОНКАВІЧ.