У бойцы, якая доўжылася пару хвілін у раёне гарадскога парку і дзіцячай мастацкай школы, з абодвух бакоў удзельнічала больш за сотню маладзёнаў.

Пра гэта паведамляе на сваім сайце слуцкая газета “Інфа-кур’ер”.


Завязка сутыкнення. Малады чалавек скача праз агароджу, за ім – іншыя.

 

Жанчына і школьнікі ўцякаюць ад агрэсіўнага натоўпу фанатаў.

 

Паміж двума агнямі апынуўся начальнік Слуцкага райаддзела міліцыі Сяргей Тышкевіч (адзіны ў кадры чалавек ў форме). Ён пачаў разнімаць байцоў.

 

Бойка пачалася.

 

Да месца падзей сцягваюцца дадатковыя сілы міліцыі.

 

Убачыўшы гэта, маладзёны кінуліся ўцякаць.

 

Некаторых з удзельнікаў бойкі затрымалі адразу.  

У момант, калі бойка пачалася, ішоў першы тайм матча паміж гэтымі камандамі. Прыкладна ў 18.35. З абодвух бакоў у канфлікце ўдзельнічала больш за сто маладых людзей.

Сутыкненне магло мець цяжкія наступствы, аднак гэтаму перашкодзілі аператыўныя дзеянні супрацоўнікаў слуцкай міліцыі. Пасля таго, што адбылося, міліцыя ва ўзмоцненым рэжыме патрулявала вуліцы горада, каб папярэдзіць новыя беспарадкі.

Паводле інфармацыі, размешчанай на сайце газеты “Інфа-Кур’ер”, адзін з чытачоў газеты пазваніў у рэдакцыю і расказаў, што пасля здарэння па парку хадзілі маладыя людзі і шукалі свае мабільныя тэлефоны.

Другі відавочца сказаў “Кур’еру”: яму непрыемна, калі прыязджаюць госці “са сталіц” і пачынаюць навязваць тое, што ўжо даўно “адграмыхала” ў Слуцку. Ён меў на ўвазе моду на масавыя бойкі раён на раён, вуліца на вуліцу, якія адбываліся ў горадзе ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Галоўнае, каб падобнае больш не паўтаралася, адзначыў субяседнік газеты.

Сведкамі здарэння, па інфармацыі “Інфа-Кур’ера”, сталі звыш двух дзесяткаў выпадковых прахожых.

“Рэгіянальная газета” 21 мая звязалася з адным з фанатаў ФК “Маладзечна”. Паводле яго слоў, маладзечанцы не збіраліся біцца. Яны проста ішлі на гульню. Бойку, быццам бы, справакавалі фанаты “Слуцкцукра”, якія сустрэлі прыхільнікаў “Маладзечна” на падыходзе да стадыёна. У выніку нашы фаны на гульню так і не трапілі.

Галоўны трэнер ФК “Маладзечна” Аляксандр Гармаза ў інтэрв’ю “РГ” пракаментаваў здарэнне наступным чынам:

– Я такога не разумею: ехаць на футбол і замест таго каб падтрымліваць каманду на гульні, учыніць бойку. А нам якраз, магчыма, падтрымкі балельшчыкаў і не хапіла (нашы прайгралі 0:2-аўт). Думаю, у фанатаў ёсць нейкія свае разборкі, свае нюансы, але дай бог, каб гэта негатыўна не адбілася на футбольным клубе.

Па словах намесніка начальніка Маладзечанскага райаддзела міліцыі Уладзіміра Балкоўскага, маладзечанская міліцыя гатовая не дапусціць таго, што здарылася ў Слуцку:

– У нас добрыя адносіны з кіраўніцтвам ФК “Маладзечна”, мы разумеем адно аднаго. На працягу ўсяго мінулага сезона фанаты клуба не стваралі нам аніякіх праблем. Хаця ў нас ёсць спіс гэтых маладых людзей, і мы падрыхтаваныя да таго, каб папярэдзіць любыя незаконныя дзеянні.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Чытайце працяг тэмы: 

Фанаты ехалі біцца мэтанакіравана

Фота “Інфа-кур’ер”.

Аўтар відэа вучаніца дзіцячай мастацкай школы ў Слуцку Віка Макарава, якая зняла бойку на мабільнік.