Закрытая чэрапна-мазгавая траўма ў адной жанчыны, траўма левага калена – у другой. Вынік удару кола ЗІЛа, якое раптам на хаду адляцела ад грузавіка ў Здземелеве 14 мая.

Паводле інфармацыі начальніка дзяржаўтаінспекцыі Маладзечанскага раёна Яўгена Урбановіча, здарэнне адбылося ў 15 хадзін 40 хвілін недалёка ад аўтобуснага прыпынку “Здземелева”.

Грузавы аўтамабіль рухаўся па Вялікім Гасцінцы ў бок Мінска. Ад ЗІЛа раптам адляцела правае пярэдняе кола. Яно выкацілася на правую абочыну, па якой ішлі дзве жанчыны 1957 і 1967 гадоў нараджэння.

Ад удару колам маладзейшая атрымала закрытую чэрапна-мазгавую траўму лёгкай ступені, страсенне мазгоў і закрыты пералом пляча. Старэйшая абышлася закрытым пераломам нагі.

Па словах Яўгена Урбановіча, вадзіцель, рабочы аднаго з прадпрыемстваў Маладзечна, быў цвярозы. Міліцыя праводзіць праверку па факце здарэння. Як сказаў у інтэрв’ю “РГ” следчы райаддзела ўнутраных спраў Дзяніс Лапата, ён прызначыў аўтамабільную тэхнічную экспертызу з мэтай высветліць: ці меў вадзіцель ЗІЛа магчымасць не дапусціць адрыву кола. Экспертыза можа доўжыцца прыкладна каля месяца.

Міжраённая інспекцыя па ахове працы не будзе праводзіць сваю праверку. Па словах начальніка гэтай установы Міхаіла Квяткоўскага, пацярпелыя жанчыны атрымалі траўмы не на рабочым месцы, таму высвятленне прычын здарэння – справа міліцыі альбо пракуратуры.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота Дзяніса ЛАПАТЫ.