У вёсцы Швакшты 23 мая вечарам ударам нажом у грудзі быў забіты 37-гадовы мужчына. Па падазрэнні ў забойстве затрыманы 17-гадовы хлопец.

“Паведамленне пра тое, што ў адным з дамоў Швакштаў у нядзелю ў 22.30 знойдзена цела мужчыны з нажавым раннем грудзей, паведаміла міліцыі фельчар Нарачанскай участковай бальніцы”, – расказаў у інтэрв’ю “РГ” пракурор Мядзельскага раёна Анатоль Івашкевіч.

Паводле яго слоў, у забойстве падазраецца 17-гадовы хлопец, сын гаспадыні дома, куды мужчына, атрымаўшы зарплату, зайшоў у госці. Па папярэдніх дадзеных, абодва былі нецвярозыя. Працавалі ў адным сельгаскааператыве. Хлопец стаіць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Можна меркаваць: яму не падабалася тое, што госць выпівае з яго маці. Крымінальная справа ўзбуджаная па артыкуле “Забойства”.

Рэўнасць прывяла да смерці

МЯДЗЕЛ. Не менш за тры удары па галаве атрымала 35-гадовая жыхарка вёскі Лук’янавічы ў сваім доме 22 мая. Ад нанесеных траўмаў жанчына памерла.

Пракурор Мядзельскага раёна Анатоль Івашкевіч расказаў у інтэрв’ю “РГ”: у прычыненні цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія прывялі да смерці пацярпелай, падазраецца яе 29-гадовы сужытнік, інвалід першай групы па захворванні апорна-рухальнага апарату.

Па словах следчага пракуратуры Івана Малафея, жанчына знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку па доглядзе за іх сынам, якому год і два месяцы. Яшчэ ў памерлай было двое сваіх дзяцей – хлопчык і дзяўчынка ўзростам каля 10 гадоў. Цяпер дзяцей чакае прытулак.

Папярэдняя прычына сваркі сужытнікаў – рэўнасць. Падазроны ў злачынстве прызнае сваю віну.

Сяргей ЗЯНЬКО.