Парушэнні ў своечасовай выплаце заработнай платы на прадпрыемствах розных формаў уласнасці выявілі супрацоўнікі Маладзечанскага міжраённага камітэта дзяржаўнага кантролю.

Ад пачатку 2010 года разгледжана больш за 10 зваротаў грамадзян па несвоечасовай выплаце зарплаты, выплаце на адпачынак і канчатковым разліку пры звальненні.

На прыватным прадпрыемстве “Эйбл” 16 лістапада 2009 года па пагадненні бакоў былі звольненыя два работнікі. Па законе, усе выплаты ім павінныя былі быць зробленыя ў дзень звальнення. Грошы людзі атрымалі толькі праз тры месяцы – 26 лютага 2010 года.

Прадпрыемства “Экспалес” заработную плату сваім работнікам, якія звольніліся, таксама затрымала на тры месяцы.

Пратэрмінаваную запазычанасць у выплаце зарплаты мае прадпрыемства “Маладзечанская ПМК №2”. Сума запазычанасці за студзень-сакавік 2010 года складае 44,2 мільёна рублёў.

Па зваротах грамадзян Камітэт дзяржкантролю аштрафаваў прадпрыемствы-даўжнікі на агульную суму 4,2 мільёна рублёў. Яшчэ чатыры матэрыялы аб прыцягненні вінаватых да адказнасці разглядаюцца.

Праблема своечасовай выплаты заработнай платы знаходзіцца на пастаянным кантролі дзяржаўнага кантролю.

Паводле прэс-рэлізу Маладзечанскага міжраённага камітэта дзяржкантролю.