Усё ёсць у Сасновым Бары Маладзечанскага раёна для шчаслівага жыцця: дзіцячы сад, два магазіны, бібліятэка. Але няма гарачай вады. Ды і халодная часта бывае такога колеру, што мясцовыя жыхары называюць яе “чаем”.

“Хоць ты саладзі яе і пі”, – з горыччу казалі яны ў размовах з карэспандэнтам “РГ”. Так што бялізну і адзенне тут мыюць не тады, калі ёсць час ці настрой, а калі вада дазваляе сапраўды памыць, а не забрудзіць. Гарачай жа ў Сасновым Бары няма гадоў 10, калі не больш.

 

Яшчэ мясцовыя жыхары наракалі на дарогі, асвятленне пасёлка і што вольны час дзецям няма дзе бавіць. “Некаторыя ліхтары стаяць, але не гараць. Былая сталовая развальваецца.

А такі прыгожы будынак быў! Некалькі дзесяткаў гадоў тут дыскатэкі для дзяцей ладзілі. Плакаць хочацца: такая прыгажосць была і да чаго давялі – як пасля вайны. Хай бы ўжо гэтую “хатынь” ці зусім разабралі, ці давялі да толку”, – перажываў пенсіянер Анатоль Шастаковіч.

Будынак і сапраўды выгляд мае непрывабны: вокны забітыя, сцены, парослыя мохам, разбураюцца, там-сям на іх ужо пусцілі карэнне бярозкі.

Даведка “РГ”. Сасновы Бор – пасёлак у Мясоцкім сельсавеце. Знаходзіцца ў 2-2,5 км на поўнач ад Маладзечна. Колькасць насельніцтва – каля 600 чалавек.

У пасёлку працуюць дзве крамы. Асартымент у іх звычайны: мыла, зубная паста, пасцельная бялізна, кілбасы, крупы, напоі, хлеб, батон. Не гіпермаркет, але самае неабходнае можна купіць штодзённа. Праўда, магазін “Белкаапзнешгандалю Белкаапсаюза” ў гэтым плане выгадна вылучаецца нават на фоне маладзечанскіх: тут прадаюцца паліто, паўпаліто з норкі, камізэлькі – з абрэзкаў норкі. Побач – зверагаспадарка, дзе гэтых звяркоў вырошчваюць. Па словах прадаўца Святланы Канапелькі, некаторыя пакупнікі прыязджаюць з Мінска. Быў яшчэ і пясец, але яго хутка разабралі, бо дзешавейшы.

Мясцовы дзіцячы сад наведваюць 15-17 дзяцей – адна рознаўзроставая група. Раней было тры. Апошнія гадоў 15 колькасць выхаванцаў вагаецца ад 15 да 18. З імі працуюць выхавальніцы Наталля Чарнецкая і Ірына Карасёва. Працуюць гурткі “Танцуем разам” (кіраўнік Анастасія Балаш) і фізкультурна-аздараўленчы (Наталля Баранава).

Загадчыца ўстановы Наталля Кіслая расказала, што ў садзе гарачая вада ёсць – працуюць два электранагравальнікі, праточны і накапляльны. Раней, калі ацяпленне забяспечвала зверагаспадарка, у халодны перыяд года ў групе было халаднавата, нават каларыферы ставілі. Цяпер, калі пра сад клапоціцца раённая жыллёва-камунальная гаспадарка, дзецям і супрацоўнікам цёпла.

Мамы школьнікаў скардзіліся, што гарадскі аўтобус заходзіць сюды толькі тры разы на дзень. “Маршрутка бывае часта. Але білет каштуе 900 рублёў туды і 900 назад. Бывае, інфарматыка пасля абеду, а каму на гурток трэба – гэта ў такую суму выліваецца, што я, напрыклад, не ў сілах аплаціць, – расказала Людміла Сідаровіч. – Закончацца заняткі ў школе, да аўтобуса – паўтары гадзіны. Хіба ж дзеці пачакаюць? Ідуць пешшу ўздоўж дарогі. Вось і адпраў 6-гадовага ў школу”.

Як станоўчую з’яву бацькі адзначалі тое, што ў Сасновым Бары ад 2006 года працуе філіял цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік” – дзецям ёсць чым заняцца ў пасёлку, не трэба ехаць у горад. У філіяле “Сонечным” працуюць бясплатныя харэаграфічная студыя “Авацыя”, гурток “Калейдаскоп ідэй” (вырабы з бісеру і стужкі), тэатральная студыя “Казка”, гурток “Вясёлы пэндзлік” (малюнак, жывапіс, кампазіцыя). Па словах педагога-арганізатара Галіны Іванькінай, філіял наведваюць 65 дзяцей. Акрамя заняткаў, тут для іх праводзяцца розныя мерапрыемствы: сустрэчы з краязнаўцам Міхасём Казлоўскім, атрадам аховы міліцыі, конкурсы – малюнкаў на асфальце, “Супердзядуля”, “Супербабуля”, “Дзень бацькоў”, іншыя. “Да нас ходзіць шмат хлопчыкаў. Яны вельмі любяць спорт – удзельнічаем з імі ў спаборніцтвах паміж філіяламі цэнтра. Гэтай зімой зрабілі лыжную прагулку – некаторыя з іх у 11-12 гадоў упершыню ў жыцці сталі на лыжы. Сярод бацькоў шмат тых, хто любіць спяваць. Ну, а экскурсіі, падарожжы, напэўна, любяць усе. Сямейны клуб “Пушны”, які дзейнічае пры “Сонечным”, не раз выязджаў у Мінск: у цырк, у тэатр музкамедыі на “Баядэру”, у тэатр імя Янкі Купалы на “Паўлінку”, у Палац рэспублікі на балет “Беласнежка і сем гномаў”, – расказала Галіна Іванькіна.

Больш для дзяцей тут нічога няма, нават дзіцячай пляцоўкі – толькі некалькі пясочніц. Але зацікавіць малых умее бібліятэкар Генава Трус. Яна расказала, што ў Сасноваборскай бібліятэцы – 300 чытачоў, з іх 80 – дзеці. Самыя актыўныя чытачы, паводле яе слоў, – пенсіянеры. Яны любяць перыядычныя выданні кшталту “Народны доктар”, “Гаспадыня”, “Хозяин”. Хатнія гаспадыні любяць кнігі і часопісы з рэцэптамі. У кутку для дзяцей не толькі адпаведная літаратура, але і дзіцячыя вырабы.

Ёсць у Сасновым Бары і свае “бамжы”, як іх завуць мясцовыя. Насамрэч гэта не бяздомныя людзі – жывуць на першым паверсе аднаго з двухпавярховых дамоў. Вокнаў у кватэры няма – яны закрытыя бруднымі анучамі і поліэтыленам. Яе жыхары нідзе не працуюць, жывяцца на сметніку. За камунальныя паслугі не плацяць – святло і газ у кватэры адключаныя. Суседзі скардзяцца на смурод ад іх жытла і тараканаў.

У астатнім – гэта ціхі пасёлак, сярэдняе паміж невялічкім райцэнтрам і вёскай. У хлеўчуках, як у вёсцы, гадуюць курэй, свіней, коз. Яны тут пасвяцца ў 30 метрах ад пяціпавярховага дома. На сметніку, як і ў горадзе, у чаканні новых гаспадароў ляжаць на краі кантэйнера непатрэбныя кофты і штаны, ля яго стаяць кірзавыя боты.

Лес вакол. У дварах – шмат дрэў. У пясочніцах забытыя машынкі і прылады для выпякання піражкоў спакойна чакаюць, пакуль іх гаспадары паядуць ці паспяць пасля абеду.

Святлана ЦІШКО.