На штучным газоне стадыёна тэхнічнага ўніверсітэта ў Мінску 23 мая футбольны клуб “Маладзечна” не здолеў выйграць у смалявіцкага “Вігвама”.

Мы “ўпёрліся ў сцяну” абароны

Застаецца суцяшаць сябе тым, што мы дабіліся лакальнага поспеху. Ад пачатку сезона за пяць мінулых тураў “Вігвам” не прапусціў ніводнага гола. “Размачыў” смалявіцкага варатара Ігар Нарожнік. Пасля пераводу мяча злева направа на 54 хвіліне Ігар моцным ударам адправіў мяч у сетку.

На жаль, да гэтага ў першым тайме на 39 хвіліне нашы прапусцілі гол у свае вароты, а за пяць хвілін да аднаўлення раўнавагі Дзмітры Вышынскі не рэалізаваў пенальці. Бадай, больш чым за два гады гэта быў першы промах нашага штатнага пенальтыста. Вышынскага збілі ў штрафной, сам жа Дзмітры паставіў мяч на кропку. Пасля ўдару ён прасвістаў над левай ад варатара “дзевяткай”.

Добра, што амаль адразу забіў Нарожнік, і часу, каб “даціснуць” саперніка, было дастаткова. Але нашы да канца гульні так і не здолелі гэтага зрабіць…

“У першым тайме футбалісты не выканалі ўстаноўку на гульню, – сказаў у інтэрв’ю “РГ” трэнер маладзечанцаў Віталь Казяк. – Мы ведалі, як гуляе “Вігвам”. Папярэджвалі хлопцаў, што сапернікі вельмі хутка “садзяцца” ў абарону, і любая наша лішняя перадача, любы лішні рух прыводзіць да таго, што прыходзіцца ўпірацца ў абарону праціўніка, нібы ў сцяну”.

Так і атрымалася. Смалявічы абараняліся ўсёй камандай, а пры першым зручным выпадку пераходзілі ў хуткую контратаку. У адной з іх і быў забіты гол у нашы вароты. У нас жа было шмат браку ў перадачах. З небяспечных момантаў каля варот намінальных гаспадароў за ўсю першую палову гульні можна ўспомніць хіба што ўдар у штангу Віталя Макрыцкага і ўдар Сяргея Дараховіча, які таксама не дасягнуў мэты.

Пасля перапынку маладзечанцы разбегаліся. Было бачна, што фізічна нашы падрыхтаваныя лепш. Вынік не прымусіў сябе доўга чакаць. Мы пачалі ствараць адзін момант за другім, але рэалізацыя падводзіла. Маглі забіваць Макрыцкі, Дараховіч, Шаўчэнка, Лужынскі. Не забілі.

Пра што сапраўды абрыдла ўжо гаварыць, дык гэта пра праблемы ў нападзенні. Тым больш, што па ўважлівай прычыне ў Мінск не паехалі форварды Аляксандр Грыхуцік і Антон Капцюг.

Па словах Віталя Казяка, трэнерам у такой сітуацыі застаецца толькі праводзіць эксперыменты. За гульню па чарзе наперад высоўвалі ўсё тых жа Вышынскага, Макрыцкага, Лужынскага і Шаўчэнку, але гэтыя перастаноўкі так і не прывялі да другога гола ў вароты Смалявічаў.

“Калі пасля першага тайма мы думалі, як адыграцца, то пасля заканчэння гульні засталося пачуццё прыкрасці ад таго, што замест трох ачкоў прывезлі з Мінска толькі адно”, – сказаў Віталь Казяк.

Наступны матч праводзім дома. Прымаем “Гомель-2”. Сустрэча пройдзе ў суботу, 29 мая. Пачатак – у 17 гадзін. Не спазняйцеся.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота Сяргея ЗЯНЬКО.

Турнірная табліца пасля шасці тураў:

1. Гарадзея 16

2. Клечаск 13

3. Слуцкцукар 13

4. Спартак 11

5. Вігвам 10

6. Маладзечна 10

7. Вертыкаль 10

8. Асіповічы 10

9. Белтрансгаз 7

10. Зорка-БДУ 7

11. Нёман 7

12. Гомельчыгунтранс 7

13. Орша 7

14. Жлобін 6

15. Бяроза-2010 5

16. Гомель-2 4

17. Лівадзія 3

18. ДСК-2 1