Нядаўна ў рэдакцыю прынесла пісьмо маладзечанка Ларыса Пятрэнка. У ім яна задаецца пытаннем: навошта праполваць зялёную зону дзіцячых садоў і знішчаць дзьмухаўцы там, дзе яны нікому не замінаюць.

“Дзіўна запраграмаваны прыродай чалавек! Яго дзеянні настолькі непрадказальныя, што застаецца толькі здзіўляцца. Напрыклад, загад знішчаць дзьмухаўцы на зялёнай зоне дзіцячага сада, вайсковай часці, дзе яны нікому не перашкаджаюць. Гэтая лекавая расліна – прадстаўнік сонца на Зямлі. Яна самая стойкая, энергетычна насычаная, радуе вока сваім яркім буйным цвіценнем. Спажыванне каранёў, лісця, кветачак дае энергетычны рэзерв для жывёл і людзей.

У дзіцячым садзе дзяцей вучаць берагчы прыроду, кожная кветачка, дрэва там з’яўляюцца выхавальнікамі дзіцячай душы. Мне здаецца, што загад аб знішчэнні дзьмухаўцоў трэба адмяніць.

Ларыса ПЯТРЭНКА, 1939 года нараджэння, марафонец, маці траіх дзяцей і бабуля чатырох унукаў, цяпер студэнтка Белдзяржуніверсітэта”.

Мы звярнуліся па каментары да розных людзей.

На думку педагагічнага работніка аднаго з дзіцячых садоў нашага рэгіёна, якая пажадала застацца невядомай, дзьмухаўцы сапраўды моцна не замінаюць. І дзіцячаму арганізму шкоду не наносяць. “Так, у нашым раёне таксама патрабуюць, каб тэрыторыя сада была абкошаная. Але мы не вырываем дзьмухаўцы з каранямі – усё ў разумных межах. Тым больш што дзяцей мы сапраўды вучым берагчы расліны. А малым прыемна на гэтыя кветкі глядзець, яны прыгожа цвітуць”, – адзначыла яна ў інтэрв’ю “РГ” па тэлефоне.

Па словах кіраўніка справамі Маладзечанскага райвыканкама Валяр’яна Кавалевіча, рашэння райвыканкама ці распараджэння старшыні змагацца з дзьмухаўцамі няма. Але, адзначыў ён, гэта пустазелле, а не дэкаратыўная кветка. “Гэта агульная практыка – даглядаць свой населены пункт і наводзіць у ім парадак”, – сказаў Валяр’ян Кавалевіч у інтэрв’ю “РГ”.

Як патлумачылі нашаму выданню ў Маладзечанскім занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, у санітарных нормах і правілах пра дзьмухаўцы нічога не сказана.

А вось на гарадскім стадыёне ў барацьбе з дзьмухаўцамі кіруюцца “Рэгламентам Чэмпіянату Беларусі па футболе”. Паводле яго патрабаванняў на футбольным полі не павінна быць дзьмухаўцоў і іншага пустазелля – толькі газонная трава вышынёй 2-2,5 см. Дзеля гэтага поле апрацоўваюць спецыяльным прэпаратам. “Мы дамаўляемся з сельгаспрадпрыемствам. Яны разводзяць хімікат у вадзе, затым па полі ідзе трактар з бочкай і распыляе раствор. І ўсё роўна праз пяць-сем дзён трэба прайсціся, выразаць мёртвыя, пачырванелыя дзьмухаўцы і падсеяць траву. Прэпарат нятанны. І трэба быць вельмі асцярожным – апрацаваць так, каб не згарэла поле. Але мы гэта робім не першы год – ведаем неабходную канцэнтрацыю”, – патлумачыў у інтэрв’ю “РГ” дырэктар стадыёна Аляксей Язневіч.

За межамі поля барацьба з дзьмухаўцамі традыцыйная – іх рэгулярна косяць і выполваюць.

Падрыхтавала Святлана ЦІШКО.

Фота 33b.ru