Другую перамогу ў сёлетнім сезоне атрымаў футбольны клуб “Смаргонь”. У суботу, 23 мая, нашы на сваім полі былі мацнейшыя за “Ліду”. Двойчы ў гаспадароў вызначыўся Дзмітры Вярстак.

Вясёлая гульня з прыемным вынікам

Футбольны эксперт “РГ”, балельшчык Мікалай Кіндра, расказаў пра матч у інтэрв’ю “РГ” па тэлефоне са Смаргоні. Паводле яго слоў, у гэтай дамашняй сустрэчы на нашых футбалістаў прыемна было паглядзець. Было бачна, што каманда сыгралася і разбегалася. Было весела. Шмат чаго стала атрымлівацца ў атацы.

Па словах Мікалая Кіндры, Вярстак, які раней гуляў наперадзе на лініі афсайда, часта трапляў у становішча “па-за гульнёй”. Відаць, трэнеры зрабілі з гэтага правільныя высновы. Дзмітры стаў адцягвацца крыху назад і пагражаць варотам сапернікаў, што называецца, з разгону.

Першы свой мяч форвард забіў на 32 хвіліне, абыграўшы абаронцаў і варатара. Праўда, “Ліда” хутка адыгралася. Праз пяць хвілін лік ужо быў роўным – 1:1. У гэтай сітуацыі не вельмі ўпэўнена згуляў наша варатар Андрэй Лашанкоў. Гол быў забіты ледзь не з нулявога вугла ад вонкавай лініі.

Калі першы тайм прайшоў у больш-менш роўнай барацьбе, то другую палову гаспадарыла на полі “Смаргонь”. На 51 хвіліне Аляксандр Лужанкоў робіць лік 2:1, а на 85 Вярстак афармляе свой дубль.

Як адзначыў Мікалай Кіндра, гэта былі далёка не ўсе моманты, калі гаспадары маглі забіць. Гледачы ўбачылі, як пасля ўдараў іх любімцаў мяч двойчы трапіў у перакладзіну і двойчы – у штангу. Два разы той жа Вярстак выходзіў адзін на адзін з варатаром, але галкіпер абодва разы выратоўваў сваю каманду.

Лідскія фанаты крыху патрывожылі смаргонскую міліцыю, распавядае Мікалай Кіндра. Да нас у госці іх прыехала каля 50 чалавек. З-за такой колькасці фанаў, якія вядомыя як хлопцы не самых прыкладных паводзінаў, супрацоўнікі райаддзела ўнутраных спраў былі паднятыя па трывозе. Але ўсё прайшло без здарэнняў. Гасцей сустрэлі, праводзілі на стадыён, а пасля гульні адправілі дамоў.

У наступным туры “Смаргонь” 29 мая з’ездзіць у Мазыр да “Славіі”.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Турнірная табліца пасля сямі тураў:

1. Гомель 16

2. Хваля 16

3. Граніт 16

4. Белкард 13

5. ДСК 12

6. СКВІЧ 12

7. Рудзенск 11

8. Хімік 11

9. Смаргонь 8

10. Верас 8

11. Полацк 7

12. Славія-Мозыр 7

13. Ведрыч-97 6

14. Баранавічы 6

15. Ліда 3

16. Камунальнік 2