У зале літаратуры на замежных мовах цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча 18-21 мая прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя Італіі.

Італія! Гэта прыгожая краіна, у якой самабытная культура ўсімі сваімі каранямі вядзе ў вельмі далёкія часы. Трэба адзначыць, што расказ пра італьянскае мастацтва немагчымы без гісторыі музыкі і опернага тэатра. Таму першы дзень у бібліятэцы быў прысвечаны менавіта меладычнай чароўнай музыцы.

Адкрыла мерапрыемства намеснік дырэктара раённай бібліятэкі Таццяна Чаброўская. На вялікім экране былі паказаныя знакамітыя людзі Італіі –  музыканты і майстры па вырабе скрыпак, кампазітары і спевакі. А затым гледачам, якія неабыякавыя да гэтай краіны мастацтва, было прапанавана паслухаць некалькі музычных твораў у выкананні вучняў музычнай школы і навучэнцаў музычнага вучылішча імя Міхала Клеафаса Агінскага.

Гучалі класічныя вакальныя кампазіцыі на італьянскай мове ў выкананні спевакоў з незвычайна прыгожымі і моцнымі галасамі. Адчувалася, што ў песні яны ўкладалі ўсю сваю душу, так хацелі данесці да прысутных сэнс таго, пра што пяюць. Вялікая заслуга ў арганізацыі канцэрта вакалістаў музвучылішча належыць іх выкладчыку Маргарыце Васілевіч.     

Наступны дзень быў прысвечаны традыцыям і звычаям Італіі. Мерапрыемства прайшло пад назвай “Віва, Італія!” Супрацоўнікі залы літаратуры на замежных мовах падрыхтавалі спецыяльную праграму і  некаторыя стравы нацыянальнай кухні. Тыя, хто раней жыў у Італіі, падзяліліся сваімі ўражаннямі аб гэтай краіне. Сярод гасцей прысутнічала Карына Рудзь з сынам Паўлам. Яна каля двух гадоў пражыла ў Італіі і зараз давала парады па прыгатаванні страў.

Упрыгожыла свята вучаніца 9 класа гімназіі №3 Елізавета Жыровіна, якая выканала знакамітую кампазіцыю “Санта Лючыя”. А навучэнец музычнага вучылішча Андрэй Кліпо захапіў усіх сваім голасам і ігрой на гітары. Вучні старэйшых класаў маглі пазнаёміцца з гісторыяй Ватыкана, а маленькія чытачы шмат цікавага даведаліся пра казкі Джані Радары.

Італія! Спадзяюся, што ўсім прысутным спадабалася такое невялікае знаёмства з гэтай краінай. І цяпер больш маладзечанцаў стане звяртаць сваю ўвагу на італьянскае мастацтва і гатаваць італьянскія стравы.

Юля КРУК, моладзевая рэдакцыя “РГ”.

Фота забяспечана Юляй КРУК.