Пракуратура 20 мая ўзбудзіла чатыры крымінальныя справы па артыкуле “Заведама лжывае паказанне” супраць чатырох сведкаў здарэння ў вёсцы Схоліна, дзе 4 верасня 2009 года самагоншчыкі ўчынілі бойку з міліцыянерамі.

Бацьку і двух яго сыноў, якія займаліся самагонаварэннем, суд прызнаў вінаватымі ў збіванні пяці мінскіх міліцыянераў. Абвінавачаныя атрымалі дзесяць гадоў зняволення на траіх. Бацька прыгавораны да чатырох гадоў калоніі, сыны – да трох кожны.

Пасля таго, як прыгавор уступіў у законную сілу, раённая пракуратура пачала правяраць: ці праўду пра тое, што адбывалася ў той дзень у Схоліне, на судзе гаварылі сведкі – двое работнікаў асуджаных, жонка аднаго з сыноў і іх аднавяскоўка.

Старшы следчы пракуратуры Маладзечанскага раёна Вадзім Шукрынаў у інтэрв’ю “РГ” сказаў: падставы для ўзбуджэння крымінальных спраў у адносінах да сведкаў ёсць. Больш за тое, перспектыва іх расследавання – выключна судовая. Гэта значыць, пракуратура мае намер даказаць, што сведкі казалі няпраўду, і давесці ўсе чатыры справы да суда.

Справы ўзбуджаныя па першай частцы 401 артыкула Крымінальнага кодэкса. За такое злачынства можна атрымаць: штраф альбо выпраўленчыя работы тэрмінам да двух гадоў, ці арышт да шасці месяцаў, альбо абмежаванне свабоды на тэрмін да двух гадоў.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Раней на гэту тэму: Баранілі самагон ад мінскіх міліцыянераў