Канешне, перад гульнёй прыхільнікі футбольнага клуба “Маладзечна” лічылі тры ачкі ў супрацьстаянні з “Гомелем-2” запланаванымі. Але здарылася тое, што здарылася.

Тры набраныя ачкі – адзіны прыемны момант у гульні з дублем “Гомеля”

Перамогу мы вырвалі толькі на першай дабаўленай да асноўнага часу хвіліне матча.

“Гульня ў нас не атрымалася. Сапернік, дубль футбольнага клуба “Гомель”, – каманда маладая. У матчы з такім праціўнікам галоўнае – як мага хутчэй адкрыць лік, – сказаў у інтэрв’ю “РГ” трэнер “Маладзечна” Віталь Казяк. – Мы не здолелі гэтага зрабіць, і атрымалася, што ў фінале сустрэчы прыйшлося думаць пра тое, як бы завяршыць матч хаця б унічыю”.

Міхаіл Лужынскі на 90 (+1) хвіліне гульні прарваўся ў штрафную пляцоўку гамяльчан, варатар гасцей збіў Міхаіла. У адсутнасць штатнага пенальціста Дзмітрыя Вышынскага, якога замяніў на 65 хвіліне Аляксандр Стэцкі, да “кропкі” падышоў Дзмітры Касцюк. Удар быў дакладны. 1:0.

Віталь Казяк адзначае 15 першых хвілін гульні і 15 апошніх. У гэты час мелі магчымасць забіць Дараховіч, Макрыцкі, Грыхуцік.

Нападаючы Аляксандр Грыхуцік ніяк не можа сёлета адкрыць рахунак сваіх забітых мячоў. І ў гэтай гульні, маючы як мінімум чатыры моманты для ўзяцця варот, ён не здолеў рэалізаваць ні адзін з іх. На 19 хвіліне Аляксандр забіў. Але суддзя палічыў, што перад гэтым было нападзенне на варатара гамяльчанаў, і гол не залічыў.

Момант больш чым спрэчны. Галкіпер сутыкнуўся з Сяргеем Дараховічам, мяч адляцеў да Грыхуціка, і Аляксандр адправіў яго ў вароты. Варатар гамяльчан паваліўся. Прыбег доктар. Але як толькі арбітр адмяніў забіты гол, вартавы варот падняўся і прадоўжыў гульню, быццам бы нічога і не здарылася.  

Падобна, што стаміўся Віталь Макрыцкі. Яго традыцыйныя перадачы з правага флангу паўабароны не заўсёды даходзілі да адрасатаў. У абароне надзейна згуляў Сяргей Дрозд.

Наперадзе не хапае прарыўнога маладога форварда. Ужо трэцюю гульню прапусціў Антон Капцюг, ён хварэе.

“Наш козыр, кантроль і трыманне мяча, у гэтай гульні, у адсутнасці іншых аргументаў, не выратоўваў нас, – кажа Віталь Казяк. – У выніку задавальнення ад гульні не атрымалі ні мы, ні балельшчыкі. Адзіны станоўчы момант у такой сітуацыі – перамога і тры ачкі”.

Сяргей ЗЯНЬКО.     

 

Аляксандр Грыхуцік (у цэнтры «зялёны») не даваў спакою гамяльчанам. Саша, пара забіваць!

 

Моманты гульні