Нашчадкі Антося і Кацярыны Клімёнкаў, якія напрыканцы 19 стагоддзя пасяліліся ў Будзішчы Вілейскага раёна, 5 чэрвеня збіраюцца ў радавым гнядзе.

Паўліна (у цэнтры), дачка Антона і Кацярыны Клімёнкаў, у пачатку 20 стагоддзя паехала ў ЗША. Там выйшла замуж за выхадца з Беларусі, родам з ваколіц вёскі Хажова, што каля Маладзечна. Вясельны здымак зроблены ў горадзе Саўт-Рывер. Стаіць першы справа – Ігнась Клімёнак, злева ад яго – Волесь Клімёнак. Справа ад нявесты – Аляксандр Клімёнак.

У Ільянскім сельсавеце, сярод лесу,  знаходзіцца прыгожая вёска Будзішча. У ёй захавалася невялікая хатка, якую ў канцы 19 стагоддзя пабудаваў Аляксей Клімёнак са сваім сынам Антонам.

Антон Клімёнак ажаніўся з Кацярынай, якая родам з ваколіц вёсак Рыбчына і Мачыцы. Антон з Кацярынай жылі ў гэтай хатцы. У іх нарадзілася восем дзяцей: Агата, Аляксандр, Паўліна, Марыя, Ігнась, Волісь, Алена і Вольга.

Гэта хатка – наша радавое гняздзечка, а мы і дзеці нашы, з’яўляючыся нашчадкамі Антона і Кацярыны, даводзімся сваякамі. Ёсць сярод нас нашчадкі ў другім пакаленні, ёсць і ў шостым, а, магчыма, і ў сёмым пакаленні.

Шмат каго з радні я не ведаю. І ў маім аповедзе, напэўна, будуць недакладнасці.

Агата, дачка Антона і Кацярыны, выйшла замуж у вёску Лёпаўшчына за Фларыяна Каляду. Лёпаўшчына знаходзіцца непадалёк ад мястэчка Ілья. У Агаты было трое дзяцей: Іван (Ян), Пётр, Ігнась.

Пётр і Ігнась з’ехалі ў Польшчу, стварылі сем’і і засталіся там назаўсёды пасля вайны. Іван жыў на бацькаўшчыне, меў дваіх дзяцей – Марыю і Віктара. У Марыі ёсць дзве дачкі – Вольга і Алеся. Марыя Іванаўна – ініцыятар нашай сустрэчы. Яна працуе настаўніцай у адной са школ Маладзечна. У дачок Марыі ёсць дзеткі. У Вольгі – дачка і сын. Вольга жыве ў Ізраілі. У Алесі – сын.

Унукі Марыі Іванаўны з’яўляюцца тройчы праўнукамі Антона і Кацярыны Клімёнкаў. Сын Івана, Віктар Каляда, жыве ў Магілёўскай вобласці і працуе выкладчыкам. Віктар мае сына Андрэя. Андрэй жыве ў Маскве і працуе на тэлебачанні.

Аляксандр, сын Антона і Кацярыны, ездзіў у пачатку 20 стагоддзя з мэтай зарабіць у ЗША і вярнуўся. Быў ён умелы і кемлівы. Шмат хто з Будзішча і ваколіц звяртаўся да яго па дапамогу. Па вяртанні з ЗША стварыў сям’ю. Жонку звалі Паўліна. У Аляксандра і Паўліны было чацвёра дзяцей – Амільян, Марыя, Вольга і Каця. Амільян жыў у вёсцы Будзішча, у доме Антона і Кацярыны. У Амільяна было трое дзяцей – Міша, Коля, Анця. Анця паехала ў Латвію і засталася там назаўсёды. Міхаіл меў двое дзяцей – сына і дачку Марыну. Сын Міхаіла ў 90-я гады паехаў ў ЗША і жыве там, а Марына жыве ў Мінску. Марыне Міхайлаўне цяпер належыць радавое гняздо, і яна з’яўляецца яго захавальніцай. Яна ж – ініцыятар нашай сустрэчы. Марына мае дачку і ўнучку.

Пра Мікалая, сына Амільяна, вядома няшмат. Ён жыве каля Мінска. Марыя (дачка Аляксандра Клімёнка і сястра Амільяна) выйшла замуж у вёску Шчукі Вілейскага раёна. Мужа звалі Піліп. Яны мелі сыноў. Вольга, дачка Аляксандра, выйшла замуж у вёску Бязводнае (Вілейскі раён). Мужа Вольгі звалі Іван. Вольга і Іван мелі прозвішча Ануфрыёнак. У іх было двое дзяцей – Яна і Аркадзь. Аркадзь працаваў вадзіцелем. Каця, дачка Аляксандра, сям’і не мела. Памерла каля 40 год таму і пахаваная ў Маладзечне.

Паўліна, дачка Антона і Кацярыны, у пачатку 20 стагоддзя паехала ў ЗША. Выйшла замуж за выхадца з Беларусі, родам з ваколіц вёскі Хажова, што каля Маладзечна. Ёсць фотаздымкі вяселля Паўліны, яе дома ў ЗША. У Паўліны быў сын. Яго хрысціў мой дзядуля Волісь. Паўліна не вярнулася на Радзіму. Пра смерць Паўліны паведаміў родным у Беларусь у пісьме жыхар вёскі Суднікі, які таксама быў у эміграцыі ў ЗША.

Ігнась, сын Антона і Кацярыны, паехаў у ЗША і не вярнуўся на Радзіму. З успамінаў вядома, што ажаніўся Ігнась з эмігранткай з Грэцыі. Меў дваіх дзяцей. Больш пра яго нічога невядома.

Марыя, дачка Антона і Кацярыны, выйшла замуж ў вёску Рашаткі Маладзечанскага раёна. Мужа звалі Фядот. Марыя і Фядот Самалі мелі траіх дзяцей – Марыю, Кацю, Пятра. Марыя Сабіла мае сына Алега. Ён жыве і працуе ў Маладзечне і мае двух сыноў. Кацярына Токарава, ініцыятар нашай сустрэчы, жыве ў Маладзечне. Пётр Самаль таксама жыў у Маладзечне. У Маладзечне жыве і яго сын Мікалай, у якога двое дзяцей – дачка і сын.

Алена, дачка Антона і Кацярыны, выйшла замуж ў вёску Суднікі за Харытона Клімёнка. Алена і Харытон мелі пяцёра дзяцей. Іх звалі Пётр, Каця, Вольга, Зенка і Іван. Пётр быў забіты “чэкістамі” пасля вайны. Жанаты не быў. Каця жыла ў Маладзечне. Яе дачка Валянціна Гараніна цяпер жыве ў Маладзечне. Валянціна мае траіх дзяцей: Уладзімір, Дзмітры, Жанна. Вольга выйшла замуж за Івана Пятровіча Судніка, брата заснавальніка фабрыкі музычных інструментаў горада Маладзечна. Зенка выйшла замуж у вёску Баяры. Мела дваіх дзяцей, якіх звалі Ліпа і Леанід. Ліпа выйшла замуж ў Суднікі за Ільюка. Пра Леаніда мне нічога невядома. Іван, сын Алены і Харытона, быў забіты на вайне.

Вольга, дачка Антоны і Кацярыны, выйшла замуж і жыла на хутары ў лесе недалёка ад вёскі Будзішча. Пра яе дзяцей вядома толькі тое, што быў сын Андрэй. А сына Андрэя завуць Якім і жыве ён у вёсцы Крыніца, у паўтара кіламетрах ад Будзішча.

Я ўнук Воліся. Волісь быў у эміграцыі ў ЗША. Калі ўзнікла ідэя наконт сустрэчы нашай радні, мая мама жыла. Але цяпер яе няма. Пра сябе і радавую галіну па Волісю раскажу пры сустрэчы.

Нашы радавыя карані сходзяцца ў Будзішчы. Мы сваякі. Мы нашчадкі Антося і Кацярыны (так іх звалі ў Будзішчы). Многія з нас не ведаюць адно аднаго. Прапаную ўсім нам сустрэцца, пазнаёміцца і здружыцца. У вёсцы Суднікі (побач з Будзішчам) мне ўдалося адшукаць магілу, дзе спачываюць нашы Антон і Кацярына. А на Суднікаўскіх могілках пахаваныя яшчэ нашы Клімёнкі. Пасля сустрэчы ў Будзішчы паклонімся Антону і Кацярыне, скажам ім дзякуй за наша жыццё.

Паважаныя сваякі! Ініцыятары нашай сустрэчы запрашаюць вас 5 чэрвеня 2010 года (у суботу) у вёску Будзішча ў 10.00 да нашага радавога гнязда, якому больш за 116 год. Калі немагчыма дабрацца да Будзішча, даедзьце да вёскі Вязынь прыкладна ў гэты час і патэлефануйце на мабільны тэлефон Мікалаю (8-029-779-79-03). Вас сустрэнуць, і вы прыедзеце ў Будзішча. Ад дажджу схаваемся ў нашым гняздзечку ці ў хатцы майго дзядулі, якая побач. На месцы нашай сустрэчы будзе ўсталяваная палатка, у якой будзе чай і кава.

Вазьміце з сабой фотаздымкі і дакументы пра гісторыю нашага роду, гістарычныя рэліквіі. Паведаміце пра нашу сустрэчу сваім сваякам і запрасіце іх. Вазьміце з сабой дзяцей. Сфатаграфуемся на памяць.

Хто зацікавіўся, з прапановамі і пытаннямі можа звяртацца па мабільным тэлефоне 8-029-779-79-03 ці па тэлефоне ў Маладзечне: 8-0176-748-400. Спытайце Мікалая, а ў выпадку яго адсутнасці пакіньце свае дадзеныя для ўзаемасувязі.

Нязменнымі застаюцца час, дата і месца нашай сустрэчы: у 10.00 5 чэрвеня 2010 года ў вёсцы Будзішча Ільянскага сельсавета Вілейскага раёна Мінскай вобласці каля дамоў, дзе жылі Амільян і Волісь Клімёнкі. Да сустрэчы!

Мікалай, Марына Міхайлаўна, Кацярына Фядотаўна, Марыя Іванаўна.

Фота ў лепшай якасці.

Фота з сямейнага архіва Мікалая АПЯЦЁНКА.

Чытайце таксама публікацыю гісторыка Алега Гардзіенкі “Беларусы Саўт-Рывера”