Пераадольвалі веласіпедную паласу перашкодаў і здавалі міні-экзамен на веданне правілаў дарожнага руху школьнікі горада і раёна 27 мая.

У гэты дзень на Цэнтральнай плошчы супрацоўнікі раённага аддзела унутраных спраў наладзілі акцыю “Захавай сабе жыццё”.

Школьнікі на веласіпедах пераадольвалі паласу перашкодаў – фігурнае ваджэнне, паварот, нізкія вароты, іншыя этапы. Затрачаны час улічваўся. Затым яны ішлі адказваць на пытанні па правілах дарожнага руху для веласіпедыстаў.

“Не, траса нескладаная, – сказаў у інтэрв’ю “РГ” Іван Русак, 6-класнік СШ №9. – А правілы я вучыў разам з мамай, калі яна на правы здавала”.

У веларалі паўдзельнічалі 58 дзяўчат і хлопцаў з горада і раёна. Лепшых адзначылі дыпломамі і граматамі.

Па словах начальніка дзяржаўтаінспекцыі Яўгена Урбановіча, веласіпедам кіраваць падлеткі ўмеюць. А вось правілы дарожнага руху ім яшчэ вучыць і вучыць.

Крыху ўбаку “бясконныя” школьнікі і проста прахожыя маглі паглядзець спецсродкі супрацоўнікаў РАУС – каскі, бронекамізэлькі, аўтамат і іншае можна было не толькі паглядзець, але і памераць, і сфатаграфавацца з імі.

Напрыканцы акцыі на плошчы з’явіліся спецыяльна запрошаныя байкеры. Ахвотныя каталіся на іх матацыклах у якасці пасажыраў.

Па словах Яўгена Урбановіча, акцыя была прымеркаваная да адзінага дня бяспекі дарожнага руху, які прайшоў у Беларусі 28 мая.

Святлана ЦІШКО.