У аўторак старшыня аблвыканкама Барыс Батура ўпершыню на гэтай пасадзе наведаў Маладзечаншчыну.

Ён пазнаёміўся са становішчам спраў у эканоміцы раёна і сустрэўся з членамі выканкама і гаспадарчым актывам.

На сустрэчы, якая доўжылася гадзіну, гаварылася ў першую чаргу аб праблемах гаспадарчага комплексу. У тым ліку аб прыцягненні інвестыцый, справах на акцыянерным таварыстве “Забудова”, Красненскім кансервавым заводзе, плошчаў завода “Спадарожнік”, Дажынках-2011, выглядзе Маладзечна і іншым.

 

У зале пасяджэння райвыканкама.

 

Старшыня райвыканкама Генадзь Кучко.

 

Намеснік старшыні райвыканкама Наталля Нікіценка.

 

Ажывіць жыццё раёна

– Мая асноўная мэта – ажывіць жыццё раёна, – былі першыя словы Барыса Батуры з прысутнымі на сустрэчы.

Пра эканамічнае становішча старшыні аблвыканкама расказала намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы Наталля Нікіценка. Батура, задаючы ўдакладняльныя пытанні выступоўцы, прасіў сцісласці ў адказах.

Наталля Нікіценка расказала пра праблемы ў акцыянерным таварыстве “Забудова”, дзе апошнія 2 месяцы фактычна ідзе праца на склад. На што кіраўнік вобласці заўважыў, што можна і трэба, калі ёсць запатрабаваная рынкам прадукцыя, пераходзіць на выпуск яе, а не гнацца за паказчыкамі, бо такая пагоня ў выніку нічога не дасць.

– Красненскі кансервавы завод, брэндавае прадпрыемства, – зазначыла Нікіценка, – яшчэ тры гады таму не мела праблемаў. Сёння прадпрыемству, дзе працуе 80 чалавек і якое не мае абаротных сродкаў, патрэбны інвестар.

Барыс Батура занатаваў сабе гэту праблему ў блакнот.

Цана заводскім аб’ектам – адна базавая

Абмяркоўваючы лёс будынкаў завода “Спадарожнік”, Барыс Батура быў лаканічным:

– Забярыце ў камунальную маёмасць. Такія аб’екты трэба прадаваць за адну базавую! Запусціце туды прадпрымальнікаў, і бюджэт праз некаторы час атрымае падаткі. Хутчэй забірайце ўсё, што ёсць, у камунальную маёмасць. Не самамэта прадаць, а прадаць у добрыя рукі, гаспадару.

Дажынкам быць у Маладзечне

Упершыню кіраўнік вобласці як аб адназначна прынятым рашэнні сказаў, што Дажынкі-2011 пройдуць у Маладзечне.

– І горад, і раён павінны займацца падрыхтоўкай да дажынак кожны дзень. І хай тое, што пабудуеце, не будзе ў граніце ці мармуры, не будзе пакрытае чысцінскай дахоўкай, але яно будзе. І трэба, каб людзі зразумелі, што яны адказваюць і за прылеглую тэрыторыю, і за тое, што ў двары.

Старшыня аблвыканкама, які значную частку свайго жыцця адпрацаваў у камунальнай сферы, зрабіў заўвагу кіраўніку маладзечанскіх камунальнікаў  Аляксею Дралову, што горад зарастае травой:

– Трэба ўвесці заданні па траве і ўвязаць іх з прэміяй.

І рэзюмаваў:

– Я хачу, каб вы даведаліся пра мае падыходы. Парадак павінны быць ва ўсім.

У праграме падрыхтоўкі да “Дажынак”, сказаў намеснік старшыні райвыканкама Юры Байтаз, прадугледжваецца добраўпарадкаванне “каркасу” з 13 вуліц:

– І наша задача падысці да гэтых работ комплексна, каб сюды ўвайшлі і работы з сеткамі, фасадамі…

– І калі тут ёсць жыллё, то паглядзіце і ўнутры, – заўважыў Барыс Батура.

Бальніца, лядовы палац

На сустрэчы былі закранутыя рэканструкцыя і ўвод дзіцячай бальніцы, а таксама меркаванае будаўніцтва лядовага палацу. І калі бальніца адназначна мусіць быць уведзеная сёлета, то рашэнне па “канфігурацыі” лядовага палаца яшчэ не прынятае:

– Трэба, каб палац быў разлічаны на паўтары тысячы гледачоў, з магчымай трансфармацыяй пад гульнявыя  віды спорту, – сказаў старшыня абласной вертыкалі. Яго цікавала, што насамрэч больш важна для Маладзечна – плавальны басейн ці лёгкаатлетычны манеж, якія могуць быць у комплексе з Лядовым палацам. – Падумайце, але не зацягвайце. Разам прымем рашэнне.

Галоўнае, каб сабе ў кішэнь не клалі

У заключэнне Барыс Батура выказаў спадзяванне, што маладзечанцы будуць працаваць не пакладаючы рук:

– І няўжо вы не справіцеся з паказчыкамі па прамысловасці, па платных паслугах? Галоўнае, не бяры сабе ў кішэнь. За любога я ў стане заступіцца, толькі не за таго, хто бярэ сабе ў кішэнь.

Старшыня райвыканкама Генадзь Кучко сказаў, што недахопы, пра якія гаварылася на сустрэчы, абавязкова будуць выпраўляцца, а эканоміка раёна будзе набіраць неабходныя тэмпы.

Аляксандр МАНЦЭВІЧ.