Педагогі маладой мастачкі, лаўрэата міжнародных фестываляў дзіцячай творчасці Ліі Гештаровай адзначаюць яе надзвычайную працавітасць і адказнасць.
З таго часу, як бацькі прывялі 5-гадовую Лію ў дзіцячую мастацкую школу, яна, па словах педагога Ліі Васіля Лазоўскага, заўсёды ўсюды. Прыходзіць паведамленне пра новы конкурс, усе стогнуць: “Мы не паспяваем!”, а яна конкурсу толькі рада, ёй падабаецца быць у дынаміцы.

Лія Гештарова вучыцца ў гімназіі №7 і займаецца бальнымі танцамі. Дзяўчынка адзначае, што ёй зусім нескладана і яна амаль не стамляецца. У кожным жа калектыве новыя сябры, з усімі цікава, а калі цікава, то і працаваць лёгка.

У свае 11 гадоў Лія ўжо вырашыла, што будзе альбо дызайнерам, альбо ветэрынарам. Два абсалютна розныя накіраванні, але ў дзяўчынкі ёсць не толькі талент, але і неверагодная працаздольнасць. І Лія, і яе старэйшы брат з ранняга дзяцінства прызвычаіліся да асаблівага рытму жыцця. Яны выдатна разумеюць, што патрэбна ўсё рабіць як мага хутчэй, каб усюды паспець, і такі рэжым хутка зацягвае, ім цяжка без нагрузак.

У сям’і Гештаровых, дзе бацька бізнэсмен, а маці гаспадыня, дзецям надаецца шмат увагі. Маленькая Лія кепска ела, таму ў перапынках маці вучыла яе літарам. У паўтара года дзяўчынка ўжо ведала іх, у тры пачала чытаць. Гэта ўменне вельмі яе захапіла, таму часам даводзіцца па некалькі разоў нагадваць, што ўжо пара класціся спаць.

Маці дзяўчынкі Валянціна Гештарова ўзгадвае, што Лія з дзяцінства мае схільнасць да творчасці. Напрыклад, у дзіцячым садку яна разам з сяброўкамі ладзіла дызайнерскія мадэлі ложкаў для чарвякоў. Наогул, у пяць год за лета яна намалявала столькі, што ў дзіцячай мастацкай школе давялося адкрыць персанальную выставу. Дарэчы, дзіцячае захапленне можа прыносіць грошы. Арганізаваная Фондам міру Беларусі паездка на выставу ў Андору прынесла дзяўчынцы сем еўра за прададзены малюнак.

Асноўныя хобі Ліі – чытанне і маляванне – суіснуюць і выдатна дапаўняюць адно аднаго. Прачытанае часта ўражвае, а ўражанне перадаецца на паперы. Але калі раней крыніцай натхнення былі казкі, то цяпер ёй стала больш сур’ёзная літаратура, напрыклад, апавяданні Томсана. Дзяўчынка вельмі любіць жывёл, у тым ліку маляваць іх. З гэтай нагоды ў яе паўстае пытанне: чаму прысвяціць сваё жыццё – ратаванню сяброў чалавека ці фіксаванню іх у жывапісе?

Васіль Лазоўскі падкрэслівае, што ўсе дзеці добра займаюцца, але не кожны мае пачуццё такой адказнасці і такое жаданне працаваць. Вельмі істотная і для Ліі, і для настаўнікаў падтрымка яе бацькоў. Яны заўсёды цікавяцца поспехамі, планамі. Добразычлівасць бацькоў спалучаецца з прафесіяналізмам педагогаў, у выніку чаго дзіця найбольш камфортна адчувае сябе ў тварэнні і гармоніі.

Такое супрацоўніцтва мае свае вынікі. Лія Гештарова атрымала трэцяе месца на XXI Міжнародным фестывалі дзіцячай творчасці “Падводныя фантазіі 2010”, на Арт-сесіі юных мастакоў – дыплом трэцяй ступені ў намінацыі “Малюнак”, дыплом другой ступені ў намінацыі “Дызайн”.

Усе бацькі жадаюць сваім дзецям самага лепшага. Можа, самае лепшае, што можна даць дзецям – дапамагчы адкрыць адоранасць?

Зоя ХРУЦКАЯ.