Тэатр лялек “Батлейка” прадстаўляў наш рэгіён на міжнародным фестывалі тэатраў лялек, які 24-30 мая прайшоў у Мінску.

“Фестываль – не спартыўныя спаборніцтвы, месцаў там не прысуджалі. Ён праходзіў найперш для гледача, які такім чынам мог пазнаёміцца з творчасцю не толькі беларускіх калектываў, але і іх калег з Украіны, Латвіі, Польшчы, Бельгіі, іншых краін Еўропы”, – расказала ў інтэрв’ю “РГ” дырэктар “Батлейкі” Ала Палякова.

Артысты і рэжысёры ў сваю чаргу абменьваліся вопытам, глядзелі, што і як цяпер робяць іх калегі з іншых тэатраў. Гэты фестываль аднавіўся пасля амаль 10-гадовага перапынку: з 1999 па 2008 год ён не праводзіўся. Маладзечанская артысты 26 мая далі два прадстаўленні – паказвалі спектакль “Канёк-Гарбунок”.

Тэатральны сезон “Батлейка” завяршыла 22 мая. Цяпер артысты будуць выступаць у прафілакторыях, санаторыях, аздараўленчых лагерах.

Святлана ЦІШКО.