“Звяжам свет ніцямі сяброўства” – пад такім дэвізам у сярэдняй школе №2 у чацвер, 20 мая, прайшла сустрэча юнацкага аб’яднання “Маладыя арлы”, стваральнікамі якога з’яўляюцца шведы.

У красавіку маладзечанскім клубам падлеткаў, што ўваходзяць у арганізацыю, споўніўся год, але дасягненняў, якія можна абмеркаваць, ужо шмат.

Аб’яднанне “Маладыя арлы” афіцыйна зарэгістраванае ў Міністэрстве юстыцыі. Яно аб’ядноўвае юнакоў і дзяўчат усяго свету з адной мэтай – усталяваць мір на зямлі за кошт дружбы і павагі розных народаў адно да аднаго. У красавіку 2009 года ў Маладзечне былі створаныя клубы гэтай арганізацы ў СШ №№ 2, 6 і 14.

На гэты момант межы маладзечанскай арганізацыі пашырыліся. Колькасць удзельнікаў павялічылася ў некалькі разоў, да яго далучыліся навучэнцы гандлёва-эканамічнага каледжа. Цяпер паспяхова рэалізуюцца праекты “Клуб сяброў Швецыі” і “Школа лідэра”. Яны дапамагаюць юным маладзечанцам рэалізаваць свае таленты і магчымасці.

У чацвер у зале СШ №2 сабраліся маладзечанскія клубы, каб абмеркаваць свае планы на будучыню разам са старшынёй арганізацыі Беларусі Любоўю Булыгінай, а таксама старшынёй арганізацыі горада Маладзечна Святланай Чыжыкавай.

Сустрэча адбылася ў рамках “Клуба Швецыі”, таму пачалася з віктарыны пра краіну, потым дзеці падзяліліся на гурткі па 10 чалавек, дзе склалі свае праекты на будучыню. Прыемна было абмеркаваць свае міжнародныя планы. Так, ад Маладзечна ў летні лагер пад шведскім Гётэборгам гэтым летам адправіцца 15 чалавек. Гэта 15 самых актыўных і ініцыятыўных хлопцаў і дзяўчат, якія за год дзеяння правялі шмат акцый і мерапрыемстваў. А восенню горад зноў наведаюць шведскія сябры.

Чым жа займаюцца ў сваіх клубах хлопцы і дзяўчаты? Летась у красавіку пачыналася ўсё з праекта “Фестываль культур”. Тры школы прадставілі свае выступленні і прэзентацыі пра краіны свету, заадно навучыліся танцаваць народныя танцы, пакаштавалі англійскія стравы і паспявалі італьянскія песні.

З такой сустрэчы пачалося сяброўства маладзечанцаў з міжнароднай арганізацыяй “Маладыя арлы”.

Потым было запрашэнне ў Мінск на святкаванне юбілею арганізацыі, некалькі дабрачынных акцый, калі навучэнцы наведалі інтэрнат для дзяцей- інвалідаў, правядзенне дабрачынных дыскатэк. Шмат маладзечанцаў змагло прыняць удзел у святкаванні 21 верасня Міжнароднага дня міру, калі ўдзельнікі арганізацыі раздавалі на вуліцах горада белыя стужкі як сімвал міру ва ўсім свеце.

У кастрычніку горад наведаў сам стваральнік арганізацыі, госць са Швецыі Бенц Ёхансан Торн Густафсан. Нашы падлеткі падрыхтавалі феерычнае выступленне ў форме святкавання народнага свята – Пакроваў . У выступленні прыняло ўдзел каля 40 чалавек, падрыхтоўка да яго працягвалася каля месяца. Усе ўдзельнікі мерапрыемства ўрачыста атрымалі членскія білеты “Маладых арлоў”.

Аксана ЕЛЬЯШЭВІЧ, моладзевая рэдакцыя “РГ”.