У сераду, 2 чэрвеня, у восьмым туры маладзечанцы на выездзе з лікам 0:2 саступілі ў гасцях гомельскім чыгуначнікам.

Занятыя на сваіх асноўных месцах працы, нашы футбалісты не змаглі аднавіць сілы пасля суботняй дамашняй гульні з “Гомелем-2”.

Сказаліся таксама шэсць гадзін дарогі ў аўтобусе па спякоце. У Гомель выехалі ў 9.30, на месцы былі ў 15.30.

“Пачалі якраз нядрэнна, – сказаў пасля матча ў інтэрв’ю “РГ” наш трэнер Віталь Казяк, – стварылі тры небяспечныя моманты. Амаль ва ўпор вароты гаспадароў расстрэльвалі Дараховіч, Вышынскі, Макрыцкі, але ў сетку не трапілі. Першы гол прапусцілі на 34 хвіліне. Пагроза ішла з фланга Сумана. Падобна, што Павел стаміўся. Неабдумана выйшаў з варот Сашчанка, і футбаліст Гомеля перакінуў праз яго мяч у вароты”.

Першы тайм так і скончыўся з лікам 1:0. Па словах Віталя Казяка, у перапынку трэнеры маладзечанцаў адчувалі: калі ў другой палове сустрэчы прыбавім у руху, можам пераламаць ход гульні. Але сіл не хапіла. Гамяльчане гаспадарылі на полі. Так нас яшчэ ў гэтым сезоне ніхто не “вазіў”, адзначае Казяк.

Другі гол атрымалі пасля контратакі на 60 хвіліне. У гэтай сітуацыі памыліўся абаронца Сяргей Дрозд – 2:0. А яшчэ праз тры хвіліны Суман ззаду па нагах ударыў саперніка, які не валодаў мячом. За што і ўбачыў перад сабой чырвоную картку. Нашы засталіся ўдзесяцёх. У такой сітуацыі і па такой гульні адыграцца было немагчыма. Гармаза з Казяком правялі замены, выпусцілі моладзь, каб даць адпачыць асноўным футбалістам перад гульнёй з “Зоркай-БДУ”, якую прымаем дома ў бліжэйшую нядзелю.

“Можа, каб адразу забілі, і гульня пайшла б па-іншаму, – кажа Віталь Казяк. – Але ўсё адно, серада – не наш дзень. І так стомленыя, а яшчэ такая далёкая дарога. На такія сустрэчы трэба ездзіць з начоўкай. З-за фінансавых умоў мы не можам сабе гэтага дазволіць”.

Перад восьмым турам маладзечанцы з 13 ачкамі займалі чацвертае месца. У гэтым жа туры прайграў шклоўскі “Спартак”, які адставаў ад нас на два ачкі. Смалявіцкі “Вігвам”, што саступаў нам тры ачкі, згуляў унічыю. Затое па ачках нас дагналі “Асіповічы”, дабіўшыся перамогі. Табліцу розыгрышу “РГ” апублікуе ў наступным нумары пасля дзевятага тура. А ў аўторак, 8 чэрвеня, справаздачу пра гульню з “Зоркай” і табліцу можна будзе ўбачыць на сайце rh.by.

Сяргей ЗЯНЬКО.