У чацвертым туры чэмпіянату Беларусі па футболе ў другой лізе футбольны клуб “Маладзечна” 15 мая дома атрымаў трэцюю сёлета перамогу. Запар. На гэты раз – над мастоўскім “Нёманам” з лікам 2:0.


“Пасля матча ў Дзяржынску з “Лівадзіяй”, дзе мы прапусцілі тры галы, на гульню з “Нёманам” выйшлі з асцярогай, – сказаў у інтэрв’ю “РГ” трэнер маладзечанцаў Віталь Казяк. – Добра, што хлопцы максімальна адказна паставіліся да гэтай сустрэчы і паказалі, бадай, лепшую сваю гульню ў сёлетнім сезоне”.

За два гады мы чатыры разы гулялі з Мастамі і не пацярпелі ад іх ніводнага паражэння. Але, па словах Віталя Казяка, “Нёман” – адна з мацнейшых камандаў другой лігі, таму пасля Дзяржынска за свае абарончыя парадкі нашы трэнеры хваляваліся.

Аказалася, што дарэмна. У варатара гаспадароў Вячаслава Камінскага праблем амаль не ўзнікала дзякуючы надзейнай гульні абаронцаў, якія блізка да сваіх варот не падпускалі. Госці толькі ўдарамі здалёк маглі турбаваць Камінскага. За ўвесь матч можна ўспомніць хіба што два такія далёкія ўдары. Адзін – у першым тайме, другі – у другім. Зрэшты, ніякай карысці ад іх мастаўчане не атрымалі.

А ў нас проста выдатна працавалі флангі. Віталь Макрыцкі справа, Міхаіл Лужынскі злева ўсю гульню напружвалі сапернікаў.

“Падобна, што Макрыцкі набраў сваю аптымальную форму. Дай бог, каб ён захаваў яе, – кажа Віталь Казяк. – Галоўнае, не перахваліць нашага правага паўабаронцу…”

Прадоўжыў сваю забіўную серыю Дзмітры Вышынскі. На 23 хвіліне пайшоў перавод мяча з цэнтра направа на Макрыцкага. Віталь прастрэліў уздоўж варот, Антон Капцюг прапусціў перадачу, і Вышынскі другім эшалонам забіў мяч у вароты. Як адзначыў Казяк, гэта была хатняя загатоўка маладзечанцаў, якую яны адпрацоўваюць на трэніроўках.

Псіхалагічнай упэўненасці ў сябе нам прыбавіў мяч “у раздзявальню” Лужынскага на дабаўленай да першага тайма хвіліне. Ён быў падобны на першы гол, амаль як браты-блізняты. Макрыцкі зноў справа вытрымаў паўзу і зрабіў усё неабходнае для партнёра, выклаўшы яму мяч на нагу. Прастрэл – і Міхаіл замыкае перадачу на далёкай штанзе варот саперніка – 2:0.

Другі тайм мы правялі стабільна і без нерваў. Кантроль мяча, яго пераводы з фланга на фланг не давалі саперніку спакойнага жыцця. На 72 хвіліне Макрыцкі ўжо сам узяў на сябе гульню і небяспечна прабіў па варотах. На 84 хвіліне Вышынскі трапіў у сетку, але, на жаль, не з таго боку. А ўвогуле ў дзеяннях маладзечанцаў адчувалася ўпэўненасць, якой так чакаюць ад сваіх любімцаў балельшчыкі.

“Няма аніякіх сумненняў у тым, што мы перамаглі заслужана. Кажуць, у “Нёмана” ў гульні з намі былі пэўныя праблемы з саставам. Але гэта, як кажуць, праблемы самога “Нёмана”, – падсумаваў Віталь Казяк.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Два галы ў вароты мастоўскага “Нёмана” 15 мая “зрабіў” правы паўабаронца маладзечанцаў Віталь Макрыцкі. Дзмітрыю Вышынскаму і Міхаілу Лужынскаму заставалася толькі давесці справу Віталя да лагічнага завяршэння.

Фота Сяргея ЗЯНЬКО.

Турнірная табліца:

1. Клечаск 10

2. Спартак 10

3. Гарадзея 10

4. Маладзечна 9

5. Вігвам 8

6. Вертыкаль 7

7. Слуцкцукар 7

8. Жлобін 6

9. Белтрансгаз 6

10. Гомель-2 4

11. Асіповічы 4

12. Нёман 4

13. Орша 3

14. Зорка-БДУ 3

15. Лівадзія 2

16. Бяроза-2010 2

17. ДСК-2 1

18. Гомельчыгунтранс 1