У абітурыентаў на маладзечанскім пункце цэнтралізаванага тэставання папулярнасцю карыстаецца беларуская мова.

Колькасць зарэгістраваных на ЦТ па беларускай мове крыху меншая, чым на матэматыку, і безумоўна большая, чым на рускую мову.

Пра гэта “РГ” паведамілі ў Маладзечанскім дзяржаўным політэхнічным каледжы, дзе ішла рэгістрацыя.

Найбольш абітурыентаў сёлета зарэгістравалася на матэматыку – крыху больш за 3500 чалавек. З дзвюх дзяржаўных моў часцей выбіралі беларускую: на ЦТ па рускай мове запісаліся 1914 чалавек, па беларускай мове – 3466 чалавек. Дарэчы, тую ж матэматыку па-беларуску збіраюцца здаваць 490 чалавек. Гэта ў нашым рэгіёне. Агульнабеларуская статыстыка крыху іншая. Як паведамляе БелПАН, тэставанне па рускай мове выказалі жаданне здаваць больш за 105 тысяч чалавек, па беларускай мове – 67 тысяч чалавек.

Апытаныя намі настаўнікі беларускай мовы не ведаюць, чым можна патлумачыць такі феномен: для штодзённых зносінаў большасць школьнікаў і абітурыентаў выбіраюць рускую мову, для экзамену – беларускую.

“Тэставанне па беларускай мове намнога лягчэй здаць, чым па рускай. У нашай мове менш выключэнняў з правілаў, – лічыць старшыня таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, – Акрамя таго, пасля набыцця краінай незалежнасці кантакты з расіянамі зменшыліся, і рускую мову толкам ніхто не ведае. Большасць нашых чыноўнікаў па рускай мове атрымалі б “нездавальняюча”. Гэта пацвярджае і статыстыка леташняга тэставання: 100 балаў за беларускую мову атрымала больш абітурыентаў, чым за рускую. Так што моладзь проста рэальна разумее свае магчымасці на экзамене. Ну і патрыётаў шмат”.

Святлана ЦІШКО.