100-гадовы юбілей у вялікім коле сваякоў адзначыў 31 мая Сяргей Спірыдонавіч Раманоўскі.

Сам ён з вёскі Самалі Маладзечанскага раёна, але цяпер жыве ў сям’і старэйшага сына Антона. Увогуле ж у Сяргея Спірыдонавіча было чацвёра дзяцей, дзевяць унукаў і 12 праўнукаў. Расказваючы аб колькасці праўнукаў, унукі і дзеці кажуць: “Здаецца, 12…” – сям’я атрымалася вялікая, сваякі пачынаюць блытацца. Але сам юбіляр усіх нашчадкаў ведае і памятае – слых і зрок у яго пагоршыліся, а памяць добрая.

Сяргей Спірыдонавіч Раманоўскі нарадзіўся ў 1910 годзе, 13 чэрвеня па старым стылі. Цяпер у пашпарце як дата нараджэння пазначана 31 мая. У 16 гадоў асірацеў – бацькі памерлі ў адзін год. “У бацькі нешта з горлам было, – расказвае дачка юбіляра Алена Бялькевіч. – А маці прастыла і памерла ад запалення лёгкіх – ведаеце, якая тады медыцына была”.

У доме бацькоў у Самалях засталося чацвёра дзяцей: Аляксей, Мікалай, Сяргей Спірыдонавіч і сястра Серафіма. Пажаніўшыся, гадоў шэсць-восем жылі ў адным доме. Дружна жылі: ятроўкі разам пралі, спявалі ў гэты час, а іх дзеці гулялі пасярод хаты. Калі сем’і раздзяліліся, хаты паставілі побач.

Сяргей Спірыдонавіч таксама ажаніўся, разам з жонкай выгадаваў чацвярых дзяцей – трох сыноў і дачку. Працаваў у калгасе – нейкі час старшынёй, пасля брыгадзірам. Меў вялікую ўласную гаспадарку: карову, свіней, пчол, авечак, сад даглядаў. На паляванне хадзіў, здаваў пушніну. “Мы былі забяспечаныя”, – успамінае сваё дзяцінства яго дачка Алена Бялькевіч.

Трымаць карову Сяргей Раманоўскі перастаў толькі ў 92 гады, у той год, калі пераехаў да дзяцей у горад.

Напэўна, таму, што не злоўжываў спіртным і ніколі не курыў, Сяргей Спірыдонавіч захаваў добрае для такога ўзросту здароўе. Да сённяшняга дня ходзіць у лазню. Любіць слухаць радыё, сочыць за палітыкай у Расіі.

Сваякі адзначаюць незвычайную сціпласць Сяргея Спірыдонавіча. Ён ніколі не гнаўся за вялікімі грашмі. Атрымоўвае звычайную “калгасную” пенсію. Аднойчы, пачуўшы ад дачок, што выплаты пенсіянерам павялічылі, адказаў: “Хай таму дадаюць, каму мала, а мне хапае”.

Чым можна здзівіць чалавека, які пражыў 100 гадоў, які падарунак прынесці на дзень нараджэння? “У такім узросце, напэўна, не так патрэбны падарункі, як увага і душэўнае цяпло сваякоў. Няма такіх грошай і такіх падарункаў, каб аддзячыць тату і дзядулю за тое, што ён для нас зрабіў”, – так адказалі на гэта пытанне нашчадкі Сяргея Спірыдонавіча. Тым не менш усе прыйшлі і прыехалі на юбілей не з пустымі рукамі.

Святлана ЦІШКО.

Фота Святланы ЦІШКО.