“Мы ў цырку-шапіто былі ўсёй сям’ёй, – расказвае маладзечанец Міхаіл Калбасін. – Забралі сына з дзіцячага сада і пайшлі. Пасля антракту, калі пачалося другое аддзяленне, чуем – лінуў дождж. Вецер быў такі, што стойкі шатра сталі выгінацца. Пачалася паніка: дзеці плакалі, жанчыны крычалі. Людзі пабеглі да выхаду – было б больш гледачоў, некага б, напэўна, затапталі”.

Па словах Міхаіла Калбасіна, прадстаўнікі цырку спрабавалі супакоіць людзей, але “народ было не спыніць”. Яго сям’я не пацярпела, жонка і сын па яго загадзе засталіся на месцы – каб не затапталі ў натоўпе. Чатырохгадовы сын спачатку спалохаўся, але, бачачы, што тата і мама трымаюцца даволі спакойна, таксама супакоіўся.

Калі паніка крыху заціхла, прадстаўленне не працягвалі: людзям было не да яго, ды і на арэну налілося вады. “Прадстаўнікі цырка прасілі прабачэння ў гледачоў, але ж хіба яны вінаватыя”, – расказаў Міхаіл Калбасін.

Як на наступны дзень паведамілі нашаму выданню ў ГРАНС, выклікаў на здарэнне ў цырку-шапіто не паступала.

У цырку 4 чэрвеня сказалі, што паніка сярод гледачоў сапраўды была, але іх удалося супакоіць. Шацёр стаіць як стаяў, і прадстаўленне, запэўнілі нас, 4 чэрвеня адбудзецца.

Святлана ЦІШКО.

Чытай таксама:

Што нарабіла стыхія ў Маладзечне