Выстава мастака Кастуся Харашэвіча “Крыніцы моцнага натхнення” працуе ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Багдановіча. Крыніцы натхнення Харашэвіча запрашаюць гледачоў, аматараў мастацтва.

Выстава адкрылася 3 чэрвеня. На адкрыцці, па словах загадчыцы аддзела абслугоўвання бібліятэкі Таццяны Закрэўскай, прысутнічалі аўтар Кастусь Харашэвіч, мастак Віктар Маркавец, мастацтвазнаўца Таццяна Гаранская, супрацоўніца аддзела культуры райвыканкама Ядвіга Чаеўская, дырэктар музычнага вучылішча Рыгор Сарока, жыхары Маладзечна, сярод якіх – навучэнцы політэхнічнага каледжа.

Гарадзілава. Маладосць маіх бацькоў Веранікі і Янкі Харашэвічаў

Гарадзілава. Маладосць маіх бацькоў Веранікі і Янкі Харашэвічаў

Бабуля Насця

Бабуля Насця

Барыс Кіт

Барыс Кіт

Беларуская грамада

Беларуская грамада

Вацлаў Ластоўскі

Вацлаў Ластоўскі

Вадзяны млын ў Пятроўшчыне

Вадзяны млын ў Пятроўшчыне

Мастацкі стыль Кастуся Харашэвіча асабісты, непаўторны. У палітры яго карцін часта сустракаецца чорны колер. Гэта адразу кідаецца ў вочы, але вельмі цікавае выказванне аднаго мастака на гэты конт: “Чалавек піша сажай, але атрымліваецца светла…”.

Работы Кастуся Харашэвіча захоўваюцца ў Мастацкім фондзе Рэспублікі Беларусь, фондах Нацыянальнага мастацкага музея, Музея сучаснага беларускага мастацтва, Беларускай нацыянальнай бібліятэцы ў Лондане, Мінскім абласным краязнаўчым музеі (Маладзечна), Скандынаўскім цэнтры ў Мінску, а таксама асабістых калекцыях у Польшчы, Германіі, ЗША, Канадзе і Ізраілі.

Лепшыя яго творы ўключаныя ў энцыклапедыі і буйныя каталогі Беларусі. Імя мастака занесенае ў сусветную энцыклапедыю сучаснага мастацтва. Яго карцінамі праілюстраваныя тэмы “Мой родны кут”, “Пазнаючы мастацтва творчасці”, а таксама ў праграме для сёмых класаў агульнаадукацыйнай школы.

Як актыўны арганізатар, а таксама ўдзельнік творчых выстаў, Харашэвіч быў узнагароджаны медалём “За заслугі ў выяўленчым мастацтве” Беларускага саюза мастакоў, у які быў прыняты ў 1969 годзе.

Дасягненні мастака былі двойчы адзначаныя спецыяльнай прэміяй “Талент” Маладзечанскага гарадскога выканаўчага камітэта ў намінацыі “Мастак года” ў 1999 і 2003 гадах.

Гледачы змогуць наведваць выставу да 30 чэрвеня.

Аксана ЕЛЬЯШЭВІЧ, моладзевая рэдакцыя “РГ”.

Мой настаўнік Барыс Кіт