Чарговае падарожжа турысцкага клуба “Чарапашкі” на Блакітныя азёры было прысвечанае пошуку чырванакніжных і рэдкіх раслін.

Дзеці карысталіся малюнкамі і тэкставымі апісаннямі на беларускай мове. Па словах кіраўніка турклуба “Чарапашкі” Міхаіла Петуха, шмат якія віды дзеці знайшлі.

Але, адзначыў ён, было цяжка: “Маладыя гараджане ўвогуле далёкія ад прыроды. Іх прывучылі, што па траве хадзіць нельга, да кветак дакранацца – таксама. Да таго ж дзеці дрэнна разумелі беларускамоўны тэкст”.

У краязнаўчае падарожжа адправіліся пераважна вучні гімназіі №2 і школы-інтэрната – 25 чалавек разам з дарослымі.

У складзе групы былі настаўніца гісторыі гімназіі №2 Ірына Арловіч (класны кіраўнік 9“Б” класа) і два біёлагі, якія дапамагалі знайсці і пазнаць расліны, – настаўнік школы-інтэрната Іван Кавалышын і настаўніца гімназіі №2 Марына Крупенька (класны кіраўнік 9“Д”).

Паход адбыўся 29-31 мая.

Святлана ЦІШКО.