Прадстаўнікі роду Антося і Кацярыны Клімёнкаў – больш за 40 чалавек, – 5 чэрвеня сабраліся ў Будзішчы, каб ушанаваць памяць продкаў і самім пазнаёміцца.

Здымак у лепшай якасці

У Антося і Кацярыны ў Будзішчы нарадзілася 11 дзяцей, з іх выгадавалася толькі восем: Аляксандр, Волісь, Ігнась, Агата, Паўліна, Марыя, Гэля і Вольга. Восем новых галінак аднаго дрэва хутка разрасталіся, і тады з’явіліся яшчэ галінкі новага парадку: трэцяга, чацвертага, пятага. А зараз ужо ёсць і шостага парадку – дзеці альбо робяць свае першыя крокі, альбо яшчэ пазіраюць на гэты свет, седзячы пакуль на руках сваіх бацькоў.

Некаторыя галінкі ўжо памерлі альбо вельмі састарэлі, але жывуць унукі, праўнукі, прапраўнукі Антося і Кацярыны і нават іх прапрапраўнукі – самыя маладыя прадстаўнікі роду.

Пятага чэрвеня ў Будзішчы сабраліся, канешне, не ўсе – нехта прыхварэў, нехта, магчыма, не ведаў пра сустрэчу, аб якой інфармацыя была змешчаная ў друку.

Ніхто не прыехаў з Польшчы, з Амерыкі – там жывуць многія нашчадкі, іх продкі некалі пакінулі радзіму вымушаным чынам, як Ігнась і Паўліна, яны паехалі ў ЗША і там засталіся назаўсёды.

Пасля вайны засталіся ў Польшчы Пётра і Ігнась Калядовы – дзеці Клімёнкавай Агаты. Іх ужо няма у жывых, затое там знаходзяцца ўнукі і праўнукі – носьбіты іх не толькі геннай спадчыннасці.

Больш за 40 чалавек – толькі прадстаўнікоў роду – сабралася ў Будзішчы, каб, найперш, ушанаваць памяць Антося і Кацярыны, і, вядома ж, пазнаёміцца, бо некаторыя з іх да гэтага ніколі не сустракаліся. Усім хацелася пагаварыць, расказаць пра сябе, даведацца пра кожнага з тых, хто прыехаў.

А яшчэ хацелася сфатаграфавацца з усімі на памяць, наведаць могілкі сваіх продкаў у Судніках, парадавацца і палюбавацца маляўнічымі мясцовымі краявідамі.

Хата, якую пабудавалі ў Будзішчы Антось і Кацярына і жылі ў ёй увесь час, добра захавалася, як і хата дзеда Воліся побач. Будынкі дагледжаныя, тэрыторыя навокал прыбраная, трава выкашаная, платы пафарбаваныя, цвітуць кветкі.

У хатах захаваліся даўнейшыя лаўкі, сталы, шафы, ложкі. У прыбудове да хаты ўсё яшчэ стаяць забытыя і нікому цяпер непатрэбныя каменныя жорны.

Ці не ўсе прысутныя дакрануліся рукамі да каляровай хусткі, якую некалі па святах насіла баба Кацярына – Антосіха. Хустку ёй, магчыма, прывезлі з Амерыкі, і хутчэй за ўсё сын Волісь.

Старэйшыя ўспаміналі. Кацярына Фядотаўна Токарава з Самалёў расказала, што калі памерла пры родах Вольга Клімёнак і сіротамі засталося двое яе дзяцей, то старэйшага, Аляксандра, забрала родная сястра Гэлька Харытонава з Суднікаў, а малога Андрэя ўзяла на выхаванне сястра Марыя. І сёстры выгадавалі дзяцей.

Усе прысутныя адзначылі, што дзеці Антося і Кацярыны былі добра выхаванымі людзьмі і паміж імі панавалі згода і добрыя адносіны.

І гэтак жа паводзілі сябе ўнукі Антося і Кацярыны. Напрыклад, Янка Каляда з Лёпаўшчыны быў чулым чалавекам, спакойным і разважлівым, заўсёды прыходзіў на дапамагу. Ён не піў, не курыў, быў клапатлівым і патрабавальным бацькам.

І дзед Якім, праўнук Антося і Кацярыны, якому зараз 73 гады, жыве ў вёсцы Крыніца-1 побач з Будзішчам, чалавек таксама чулы, паважаны, клапатлівы і працавіты. Ён не курыць і гарэлкі ў рот не бярэ зусім. Любіць пчолак, трымае ўласную гаспадарку, не збывае кароўку.

І гэтак усе яны, нашчадкі Антося і Кацярыны, унукі, праўнукі, прапраўнукі – Марыя Міхайлаўна Клімёнак, Мікалай Емяльянавіч Клімёнак, Ала Андрэеўна, Якаў Андрэевіч, Ганна Андрэеўна Філістовічы, Яніна Іванаўна Шалуха, Аркадзь Іванавіч Ануфрыёнак, Кацярына Фядотаўна Токарава, Марыя Фядотаўна Сабіла, Марыя Пятроўна Шабуня, Любоў Пятроўна Шышко, Міхась, Сяргей, Уладзімір, Васіль Пятровічы Клімёнкі і іншыя.

У час сустрэчы ўсё было проста і здорава і так прыстойна. Не было ніякай там гарэлкі, пра яе ніхто і думаў, усе пілі гарбату, каву, розныя напоі з крамы і свае. Ласаваліся цукеркамі, пернікамі, смачнымі кілбаскамі, бутэрбродамі.

Асаблівую цікавасць выклікалі фотаздымкі ў альбомах, даўнейшыя дакументы, нумары газет, у тым ліку “Рэгіянальнай газеты”, часопіса, дзе друкаваліся матэрыялы і пра Будзішча, і пра Антося і Кацярыну, іх сына Воліся, іншых жыхароў вёскі. Усе з радасцю сфатаграфаваліся на фоне хаты Антося і Кацярыны.

Унук дзеда Воліся Мікалай Апяцёнак, прадпрымальнік з Маладзечна, арганізатар сустрэчы, паабяцаў унесці ўклад ў добраўпарадкаванне вёскі, стварыць тут музей пад адкрытым небам. Расказаў ён і пра адну сваю мару – добраўпарадкаваць у Ільянскім сельсавеце ўсе могілкі па прыкладзе цяперашніх могілак у вёсцы Суднікі. Усе прысутныя падтрымалі яго і пажадалі поспехаў.

Сын Міколы Апяцёнка, пяцікласнік Валодзя, меў гэтым днём магчымасць усё пабачыць і запомніць.

Праўнучка Антося і Кацярыны сціплая Марыя Іванаўна з Маладзечна, дачка Івана Каляды, яе муж Яўген Вішнеўскі, іх дачка Алеся і трохгадовы ўнук Данілка, ды і ўсе прысутныя былі ўражаныя сустрэчай, аб чым прызналіся самі. Марыя Іванаўна нават склала верш, у якім ёсць такія радкі:

Прабабка мая Кацярына жыла тут,

Дзяцей гадавала, жыццю навучала,

А сёння патомкі наведалі родненькі кут,

І ў сэрцы тужліва струна загучала.

І гэта ўсё – памяць і, магчыма, асабістая адказнасць і адчуванне сваёй ролі на свеце, разуменне сэнсу жыцця, сваёй велічнасці і непаўторнасці.

Уладзімір КАЖАМЯКА, мястэчка Ілья.

Нашчадкі Клімёнкаў сустрэнуцца ў Будзішчы