Прадпрымальнікі, якія гандлююць на гарадскім рынку, цяпер будуць плаціць за гандлёвае месца 84 тысячы рублёў за месяц замест 65 тысяч, якія яны плацілі раней.

Пракуратура правяла праверку адпаведнасці заканадаўчым актам арэнднай платы, якую прадпрымальнікі плацяць прадпрыемству “Садружнасць”.

Старшы памочнік пракурора Вілейскага раёна Таццяна Кажура патлумачыла ў інтэрв’ю “РГ”: пракуратура пасля праведзенай праверкі вынесла прадстаўленне ў райвыканкам аб тым, што “Садружнасць”, якая бярэ з прадпрымальнікаў арэндную плату, карысталася не тым нарматыўным дакументам.

Прадпрыемства брала аплату, згодна з інструкцыяй Пастановы Міністэрства эканомікі, што не адпавядала заканадаўству. Па законе, арэндную плату трэба браць на падставе Указа прэзідэнта №518 “Аб некаторых пытаннях арэнды і бязвыплатным карыстаннем маёмасцю”, які быў выдадзены 23 кастрычніка 2009 года і ўступіў у законную сілу 1 красавіка 2010 года.

Пракурор Вілейскага раёна Уладзімір Дубоўскі назваў чуткі пра тое, што пракуратура збіраецца закрыць рынак, абсурднымі. Ён лічыць павелічэнне арэнднай платы нязначным. Па словах Уладзіміра Дубоўскага, прадпрымальнікі прыходзілі да яго. Яны былі не столькі абураныя павелічэннем арэнднай платы, колькі прасілі патлумачыць прычыну гэтага павелічэння.

Цяпер старыя дагаворы прадпрымальнікаў з “Садружнасцю” будуць перазаключацца, а новыя заключацца ў адпаведнасці з новымі правіламі аплаты за арэнду гандлёвага месца.

Самі прадпрымальнікі не спяшаюцца заключаць дагаворы на новых умовах. Індывідуальны прадпрымальнік Вольга Кавака раніцай 10 чэрвеня ў інтэрв’ю “РГ” сказала, што на пятніцу, 11 чэрвеня, старшыня райвыканкама Яўген Сініла прызначыў прадпрымальнікам сустрэчу.

Акрамя гэтага, на наступным тыдні прадпрымальнікі чакаюць прыезду Маладзечанскага міжраённага камітэта дзяржаўнага кантролю, які павінны праверыць законнасць змянення ўмоў арэнднай аплаты гандлёвых месцаў.

Разам з тым, прадпрымальнікі не збіраюцца па ўласнай ініцыятыве спыняць сваю работу на рынку. “Мы законапаслухмяныя грамадзяне. Нам трэба працаваць і карміць свае сем’і. Але ўсё ж мы хочам, каб нам патлумачылі: каму, колькі і, галоўнае, за што мы плацім”, – сказала Вольга Кавака.

“РГ” будзе сачыць за развіццём падзей.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Чытай працяг тэмы

Фото panoramio.com