Напярэдадні, 8 чэрвеня, адзінаццацікласнікі гімназіі “Логас” рыхтавалі свой выпускны вечар, запрашалі на яго настаўнікаў і адміністрацыю гімназіі.

Падчас рэпетыцыі выпускнога вечара ў “Логасе”.

Вікторыя Кузняцова, Юлія Грыцкевіч, Дар’я Зянько, Артур Статкевіч, Вераніка Кудрынецкая, Ксенія Аўгусціновіч.

Святочныя ўборы большасць з іх падрыхтавала загадзя. “Дзяўчаты адна адной расказвалі, у чым будуць на выпускным, але не паказвалі, – расказала Лізавета Старавойтава з 11 “А”. Што хто выбраў, убачым 11 чэрвеня. Я сукенку купіла яшчэ на веснавых канікулах. – Ведала, што ў чэрвені паміж выпускнымі экзаменамі і цэнтралізаваным тэставаннем часу не будзе і нічога добрага не выберу. Клопату хапае. Кажуць жа, што выпускны – як вяселле, толькі без жаніха і нявесты”.

Аляксандр Маркевіч, Раман Семянковіч, Наталля Мажуль, Вераніка Кудрынецкая на парозе гімназіі.

Сёлета “Логас” пакінуць 59 былых адзінаццацікласнікаў. Як складзецца іх лёс? Кожны па-свойму плануе далейшае жыццё. Вераніка Кудрынецкая з 11 “Б” збіраецца паступаць на журфак БДУ. Давядзецца здаваць гісторыю Беларусі, беларускую мову і два творчыя экзамены, расказала яна. За вынікі творчых дзяўчына не хвалюецца, упэўненая, што здасць добра. Перажывае толькі за экзамен па гісторыі Беларусі.

Наталля Мажуль з 11 “А” хоча паступіць на спецыяльнасць “Мытная справа”. Універсітэт канчаткова яшчэ не выбрала – БДУ ці Беларускі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт. “Напішу тэставанне – вырашу, куды падаваць дакументы. Хацелася б у Белдзяржуніверсітэт, але ў БНТУ прахадны, здаецца, ніжэйшы. Думаю яшчэ і пра эканамічны ўніверсітэт, але туды пайду толькі пры вельмі-вельмі паспяховай здачы ЦТ”, – падзялілася яна сваімі планамі.

Наталля Мажуль і Лізавета Старавойтава выдатна вучыліся, таму спадзяваліся на залатыя медалі. Атрымаюць ці не, 8 чэрвеня яшчэ не ведалі. Праўда, адзначылі яны, гэтая ўзнагарода цяпер не дапамагае падчас паступлення ў ВНУ. “Так, нам самім і бацькам прыемна. Ну і сваім дзецям будзе што паказаць і чым упікнуць за дрэнную вучобу”, – смяюцца дзяўчаты.

У размове з карэспандэнтам выпускніцы ўспомнілі найперш настаўніц матэматыкі Святлану Ігнатовіч, англійскай мовы Ію Жаўтко, беларускай мовы Вольгу Петух: “Яны любяць свой прадмет. Не насаджаюць, не прымушаюць, не прапагандуюць, але цікава выкладаюць і прывіваюць любоў да навукі”.

Святлана ЦІШКО.