11 гадоў… Хутка праляцелі яны, і я не заўважыла, як вырасла. Здаецца толькі ўчора маленькай дзяўчынкай зайшла ў свой клас, пазнаёмілася з дзецьмі, якія сталі не толькі аднакласнікамі, але і добрымі сябрамі.

Пяцікласнікам настаўніца рускай мовы і літаратуры СШ №1 Святлана Міхайлаўна Рой спачатку здалася вельмі строгай, яны яе баяліся. Але гэта пачуццё прайшло, як толькі яны прыйшлі на першы ўрок. Святлана Міхайлаўна, здавалася, азарала сваёй прыгажосцю і дабрынёй усё вакол.
Фота Валерыі ГОРМАШ.

І вось я ўжо выхо­джу адсюль у дарослае жыццё. Нядаўна хацела як найхутчэй закончыць школу, стаць дарослай… Але цяпер іду па школе і на душы ў мяне цяжка: больш не бегаць мне па школьным двары, не цягнуць з нецярпеннем руку, каб хутчэй адказаць.

Больш не хадзіць мне па гэтых калідорах. Яны – асобыя месцы ў школе. Ім вядомыя ўсе нашы тайны, крыўды, радасці. Яны бачылі, як мы раслі, ператвараліся з першакласнікаў, што так бесклапотна бегаюць туды-сюды, у выпускнікоў, якія горда і важна ходзяць па школе.

Мой першы кабі­нет… Я як быццам бачу яго: цёплы, сонечны, з вялікай колькасцю яркіх карцінак на сценах і дзіцячых кніжак. А мая першая настаўніца! Гэта жанчына-сонейка, яна заўсёды ўсміхалася нам, шкадавала, калі хто з нас упадзе, і сварылася, калі мы сваволілі. Строгая і такая добрая, наша другая мама, Таццяна Міхайлаўна Радзько. Я заўсёды буду ўспамінаць яе з цеплынёй і ўдзячнасцю, бо менавіта на яе ўроках мы рабілі першыя няўпэўненыя крокі ў нашым школьным жыцці. Смешныя, гарэзлівыя, зусім яшчэ дзеці, мы вучыліся быць сур’ёзнымі і стараннымі вучнямі.

У пятым класе наша настаўніца рускай мовы і літаратуры, Святлана Міхайлаўна Рой, спачатку здалася нам надта строгай, і мы яе баяліся. Але гэта пачуццё прайшло, як толькі мы прыйшлі на свой першы ўрок. Яна, гэты светлы чалавек, азарала сваёй прыгажосцю і дабрынёй усё вакол. Варта было ёй ўсміхнуцца – і мы забываліся пра ўсе нашы страхі, разумелі, што ў нас з’явілася яшчэ адна мама. Такая добрая, чалавечная, якая ўсё разумее. У яе прысутнасці нават хуліган станавіўся старанным хлопчыкам. І дзіўна, Святлана Міхайлаўна – дарослы чалавек, але мы ніколі не адчувалі розніцы між намі. Яна была на роўных, баялася пакрыўдзіць кагосьці з нас, паважліва адносілася да кожнага дзіцяці.

Тады, у пятым класе, урокі ў нас сталі весці розныя настаўнікі, якія спачатку таксама, як і Святлана Міхайлаўна, здаваліся нас вельмі строгімі. Але на самой справе аказаліся людзьмі цікавымі. Я паважала ўсіх сваіх настаўнікаў, для мяне кожны з іх быў чалавекам, у праваце якога я не сумнявалася ніколі.

Вядома, мы любілі не ўсе прадметы, а некаторыя не заўсёды вучылі. Але на ўрокі хадзілі з задавальненнем, таму што даведваліся шмат новага. Не толькі ў галіне матэматыкі, біялогіі, хіміі. На занятках мы станавіліся дарослымі, разумнымі, набіраліся вопыту. Кожны настаўнік жадаў нам толькі дабра.

Як жа я буду сумаваць па школьных уроках! На іх мы вывучалі новыя формулы, даказвалі тэарэмы, чыталі новыя літаратурныя творы. Мы жартавалі разам з настаўнікамі, смяяліся з іх добрых жартаў. Але заўсёды ведалі, што настаўнік можа быць і вельмі строгім, і патрабавальным у адносінах да нас. Мы паважалі сваіх педагогаў, але не баяліся іх.

Толькі цяпер я ра­зумею, як шмат дала мне школа. Толькі цяпер я ўсвядоміла, што менавіта школа і мае цудоўныя бацькі зрабілі мяне такой, якая я ёсць. Мае бацькі заўсёды разумеюць і падтрымліваюць мяне, сябруюць са мной, паважаюць маё меркаванне, бачаць ува мне не проста дзіця, а асобу.

У школе я раз­вівалася ўсебакова. На ўроках хіміі, фізікі, біялогіі шмат даведалася пра навакольны свет. Спасцігала яго складанасці і вучылася заўважаць яго прыгажосць у кожнай кветачцы, у кожнай травінцы, у кожнай жывой істоце.

На ўроках літа­ратуры я ўпершыню пачала разумець жыццё. Я спрабавала ра­за­брацца ў характарах і прычынах учынкаў герояў, спрабавала разабрацца ў сабе. І ў гэтым мне дапамагла наша настаўніца літаратуры Тамара Уладзіміраўна Склярэнка. Яна раскрыла нам вочы… на саміх сябе. Яна ўсяліла веру ў тое, што кожны чалавек – гэта цуд, яго думкі і ўчынкі ўнікальныя. Менавіта яны робяць нас сапраўднымі людзьмі. У памяці я часта вяртаюся да гэтых цудоўных урокаў і разумею, што мае думкі, дзеянні былі б зусім іншымі, каб не гэтыя цікавыя ўрокі.

У школе мы стара­лі­ся стаць лепшымі. Але не ва ўсіх гэта атрымлівалася. З-за нашых праступкаў часта перажывала наша класная, у старэйшых класах ёю была Марыя Міхайлаўна Касінская. Колькі клопатаў мы ёй прынеслі! Мы ж прыйшлі да яе падлеткамі, са сваімі характарамі. Але Марыя Міхайлаўна з кожным знаходзіла агульную мову, разумела нас і рабіла ўсё, каб у нашым дарослым жыцці мы навучыліся абыходзіць перашкоды і вырашаць праблемы.

11 гадоў праляцелі незаўважна. Але гэта вельмі важны адрэзак майго жыцця. Мы пакідаем школу са слязамі на вачах і з удзячнасцю у сэрцы. Цяпер толькі ад нас залежыць наша далейшае жыццё. Мы заўсёды будзем адчуваць падтрымку і любоў нашых педагогаў.

Валерыя ГОРМАШ, выпускніца СШ №1 горада Маладзечна, 11 “Б” клас.