Міжнародны дзіцяча-юнацкі турнір па дзюдо сярод спартсменаў 1999 года нараджэння і маладзейшых прайшоў 12 чэрвеня ў зале грэка-рымскай барацьбы, што на вуліцы Ясінскага. Каманда Маладзечна заваявала першае месца і кубак за перамогу.

У турніры ўдзельнічалі дзюдаісты з Беларусі, Польшчы і Эстоніі, расказаў у інтэрв’ю “РГ” трэнер маладзечанскай каманды Вячаслаў Дзеравянка. Палякі і эстонцы выставілі па адной камандзе. Ад Беларусі ў спаборніцтвах акрамя гаспадароў удзельнічалі юныя спартсмены з Віцебска, Оршы, Бабруйска, Жодзіна, Дзяржынска, Баранавічаў і некалькі камандаў з Мінска.

Змагаліся ў адзінаццаці вагавых катэгорыях: 24 кілаграмы, 26, 29, 32, 35, 38, 42, 46, 50, 55 і звыш 55 кілаграмаў. У кожнай катэгорыі – розная колькасць удзельнікаў. Самае большае – да 32 чалавек. Усяго на паядынкі ў зале выйшла каля 200 дзюдаістаў.

Першае агульнакаманднае месца занялі гаспадары спаборніцтваў. Другімі сталі спартсмены з Жодзіна, трэцяе месца – у бабруйчанаў, чацвертае – у аршанцаў, госці з Польшчы ўзняліся на пяты радок.

У маладзечанцаў у асабовым заліку ў вагавай катэгорыі 46 кілаграмаў першае месца заняў Іван Дубіна. У катэгорыі звыш 55 кілаграмаў не было роўных нашаму Дзмітрыю Мандрыку. Тут жа другім стаў Мікалай Батоўкін.

На рахунку гаспадароў таксама тры трэція месцы. У катэгорыі 55 кілаграмаў трэцім стаў Мікіта Кучко. Ігар Гапановіч заняў трэцяе месца ў катэгорыі 35 кілаграмаў. І на трэцюю прыступку п’едэстала ў катэгорыі 26 кілаграмаў узняўся Ягор Новік.

Былі ў нашых спартсменаў таксама пятыя, шостыя месцы, за якія налічваліся заліковыя ачкі і ўручаліся граматы.

Сярод удалага выступлення гасцей можна адзначыць першае месца эстонскага дзюдаіста ў катэгорыі 42 кілаграмы і некалькі прызавых месцаў палякаў у розных вагавых катэгорыях.

Вячаслаў Дзеравянка застаўся задаволеным выступленнем сваіх падапечных. Аднак адзначыў: пра першае агульнакаманднае месца перад стартам, канешне, думаў, але спадзяваўся, што ў асабовым заліку яго спартсмены выступяць лепш. Па словах трэнера, родныя сцены нам не дапамаглі, а наадварот – перашкодзілі.

У спартыўную залу паглядзець на выступленне сваіх дзяцей прыйшлі іх таты і мамы, а гэта расслабляе юных адзінаборцаў. Некаторыя з дзюдаістаў, традыцыйна моцна выступаючы на выездах, дома расслабляюцца, мяркуючы, што перамога нікуды не дзенецца. А ў выніку аказваюцца на пятых-шостых месцах. Хаця, як адзначыў Вячаслаў Дзеравянка, турнір быў моцны, высокага ўзроўню, ва ўсіх камандах выступалі дастойныя спартсмены.

Пасля спаборніцтваў польскіх дзюдаістаў гасцінныя гаспадары звазілі ў Мінск. Многія з юных палякаў упершыню прыехалі ў Беларусь. Вячаслаў Дзеравянка расказвае, што наша сталіца іх вельмі ўразіла шырокімі чыстымі вуліцамі.

Увогуле, спартыўнае супрацоўніцтва ў галіне дзюдо паміж Маладзечнам і Польшчай добра наладжанае. Падпісаны дагавор аб узаемных візітах. Калі нашы прыязджаюць у суседнюю краіну, іх таксама гасцінна і ветліва сустракаюць. Спрыяе такім адносінам тое, што спонсар польскай каманды па дзюдо – бізнэсмэн Юзаф Сярнацкі. Юзаф нарадзіўся пад Валожынам. Таму яму таксама прыемна прыязджаць у наш рэгіён, на сваю радзіму.

Сяргей ЗЯНЬКО.