13 чэрвеня ў цягніку Маладзечна-Ліда пабіліся два мужчыны. За што – не памятае ні адзін, ні другі.

Пазнаёміліся яны выпадкова, акурат перад адпраўленнем цягніка. А паколькі было ў адну дарогу, час вырашылі правесці “прыемна”. Пакуль даехалі да прыпынку “Сечкі”, выпілі дзве бутэлькі віна і бутэльку гарэлкі. Слова за слова, завязалася сварка, якая перарасла ў бойку.

Расцягвалі іх і пасажыры, і работнікі чыгуначнага транспарту. Тым не менш 23-х гадовы мужчына сумеў давесці свайго 29-гадовага “сябра” да бальніцы. Са страсаннем галаўнога мозгу і ўдарам левай паловы грудной клеткі яго даставілі ў медыцынскую ўстанову. Цікава, што ні адзін, ні другі мужчына, так і не змаглі патлумачыць міліцыянерам, з-за чаго адбыўся канфлікт. Яны гэтага проста не памятаюць.

“Абодва таварышы нашы добрыя знаёмыя, — расказвае інспектар прафілактыкі Маладзечанскага аддзялення ўнутраных спраў на транспарце Аляксандр Лазавік, — як адзін, так і другі неаднаразова прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за п’янства і дробнае хуліганства. Але вывадаў для сябе ніякіх не зрабілі”.

Марына СЛІЖ.