Экспедыцыя “Шляхам графа Тышкевіча”, якая адправілася ў вандроўку па Віліі на лодках і байдарках з Вілейкі 10 чэрвеня, вечарам у сераду, 16 чэрвеня, была ў Міхалішках Астравецкага раёна.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Image 4185

Image 4185

 

 

 

 

 

 

 

 

Міхалішкі – апошні пункт перад мяжой з Літвой, дзе да экспедыцыі могуць далучыцца новыя ўдзельнікі, якія збіраюцца перасекчы мяжу, і пакінуць экспедыцыю тыя, хто не мае ў пашпарце візы.

Пра гэта спецыяльна для “Рэгіянальнай газеце” па мабільным тэлефоне з месца падзей расказвае ўдзельніца вандроўкі Ларыса Якавюк:

Адправіліся ў чацвер, 10 чэрвеня. Праз два дні былі на сутоцы Віліі і Нарачанкі. Потым накіраваліся на Белае возера. Гэта было ў суботу. Да нас далучаўся народ з Мінска.

У нашу лодку сеў дудар са сталіцы. Плылі пад гукі дуды. Была з намі таксама мінчанка, якая вельмі добра спявае. Таму не сумавалі. Пасля на беразе возера наладзілі сабе невялікае свята з песнямі і танцамі пад баян.

Далей была Смаргонь. Да нас далучыліся смаргонскія вандроўнікі. Тут нас сустрэў краязнаўца Уладзімір Лігута. Ён правёў невялікую экскурсію па мясцінах, дзе ішлі баі Першай сусветнай вайны.

Пасля гэтага накіраваліся на сядзібу “Віта”, якая крыху за Смаргонню на нашым шляху. Гаспадар сядзібы – Уладзімір Махнач. Нас сустракалі хлебам-соллю. Віталі экспедыцыю рыцары на конях. Гэта было ў нядзелю.

А вечарам мы варылі юшку з вялікага шчупака, якога злавіў 9-гадовы хлопчык з Мінска Лёша Ксяневіч. Яго бацькі казалі, што іх сыну вельмі шанцуе на рыбалцы. У нядзелю тыя з мінчан, хто вандраваў з намі на выхадных, ад’язджалі дамоў. А Лёша пакінуў нам свайго шчупака на юшку, за што мы яму вельмі ўдзячныя.

У панядзелак завіталі ў Жодзішкі. Нас сустрэў мясцовы краязнаўца Алег Мізула. Ён працуе ў школе. Стварыў тут школьны краязнаўчы музей. Паказаў таксама нам млын. На жаль, Алег не паплыў з экспедыцыяй, але сустрэў нас вельмі гасцінна. Пеў свае песні, бо ён да таго ж яшчэ і бард.

Аўторак быў вельмі цікавы дзень. Вандравалі ад Жодзішкаў да Ністанішкаў. Прыгожыя мясціны. Белая гара і скаладром, штучна складзены з вялікіх валуноў для трэніровак скалалазаў. Пасля была вёска Ашмянец. Славутасці вёскі – Тупальскі камень і Тупальскі мост, які пабудавалі немцы ў Першую сусветную вайну для сваіх патрэбаў. Праўда, самога моста ўжо не засталося. Толькі апоры ад яго. Ёсць у вёсцы яшчэ адна цікавая рэч – стары калодзеж, выкладзены з камянёў.

У вёсцы Дубок наведалі стары драўляны касцёл, служба ў якім праходзіць раз на год – у першы тыдзень ліпеня. Падышлі да каплічкі, якую ў сярэдзіне 1930-х гадоў паставіў бацька за свайго сына Ігната Сідаровіча. Ён скончыў жыццё самагубствам. А бацька прасіў усіх, хто падыходзіць да каплічкі, памаліцца за сына, нягледзячы на тое, што ён здзейсніў страшны грэх. Дубок адметны таксама сваімі старымі дубамі. Адсюль, уласна кажучы, і паходзіць назва вёскі.

У сераду знаходзіліся ў вёсцы Маркуны. Сустракаліся са старым плытаром, адзіным, хто застаецца яшчэ ў жывых з перагоншчыкам плытоў па Віліі. Далей былі Міхалішкі… Перасекчы мяжу з Літвой плануем у пятніцу, 18 чэрвеня.

Фота Ванды АНЦІЛЕЎСКАЙ.