Тры службовыя асобы сельскагаспадарчага прадпрыемства “Маркава-Агра” аштрафаваныя на 420 тысяч рублёў. Прадпрыемства атрымала штраф 2 мільёны 800 тысяч рублёў.
Маладзечанскі між­раённы камітэт дзяр­жаўнага кантролю вы­явіў шматлікія па­рушэнні ў яго рабоце. Сярод іх – хібы ў бухгалтарскім уліку, невыкананне санітарных нормаў і правілаў захоўвання ўгнаенняў, несвоечасовая выплата заработнай платы, а таксама прыпіскі ў вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі.

Цікава тое, што цяперашніх кіраўнікоў “Маркава-Агра” не навучыў вопыт іх папярэднікаў. У 2008 годзе за прыпіску 315 тон валавога надою малака супраць былога дырэктара была ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле “Службовы падлог”.

І ўжо новае кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства за 2009 год прыпісала 33 тоны прывагі буйной рагатай жывёлы, а каб схаваць фальшывыя лічбы, работнікам незаконна налічылі 8,2 мільёна рублёў зарплаты. Акрамя гэтага, у 2009 годзе на прадпрыемстве скрылі страты на суму 567 мільёнаў рублёў.

З-за перапаўнення гнаясховішча, гное­ўтры­мальную вадкасць скідалі ў ручай, што ўпадае ў сажалку, якая каля вёскі Трапалава. На прадпрыемства накіроўваліся пісьмы з патрабаваннем ачысціць гнаясховішча, але праблема не вырашалася. Вырашылася яна толькі пасля ўмяшання кантралёраў.

Матэрыялы праверкі перададзеныя ў праваахоўныя органы.

Паводле прэс-рэлізу Маладзечанскага міжраённага камітэта дзяржкантролю.